09:00 20 верасня 2018
«Радыё Sputnik»
  • USD2.10
  • EUR2.46
  • 100 RUB3.14
Спевакі Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч
© Sputnik / Владимир Вяткин

Легенды пра легенду: Верасы, Песняры і Сябры пра Аляксандра Ціхановіча

Радыё
Атрымаць кароткую спасылку
Пайшоў з жыцця Аляксандр Ціхановіч (11)
4711

Народнага артыста Беларусі Аляксандра Ціхановіча, які памёр у ноч на суботу, успамінаюць яго блізкія сябры і калегі - удзельнікі легендарных ансамбляў "Верасы", "Песняры" і "Сябры".

У 1973 годзе Аляксандр Ціхановіч прыйшоў у склад ансамбля "Верасы", які разам з "Песнярамі" і "Сябрамі" стаў візітнай карткай беларускай эстрады ў СССР. У "Верасах" Аляксандр Ціхановіч пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Ядвігай Паплаўскай. Песні "Малиновки заслышав голосок", "Я у бабушки живу", "Завіруха" у выкананні ансамбля сталі ўсесаюзнымі хітамі.

Народны артыст Беларусі Васіль Раінчык, які з 1974 года з'яўляецца нязменным кіраўніком ансамбля "Верасы", распавёў радыё Sputnik пра сваё знаёмства з Аляксандрам Ціхановічам.

"Вельмі добры артыст быў, запрасіў мяне кіраваць "Верасамі" даўно, гадоў сорак таму. Энергічны, шмат каму дабра зрабіў. Зараз усе ведаюць, што такое прадзюсар, што такое роль артыста на сцэне, а тады гэта ўсё было ў навіну — гэта ж паўстагоддзя таму было, але ў яго інтуіцыя была вельмі добрая", — сказаў Раінчык.

Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, саліст легендарнага ансамбля "Песняры" Леанід Барткевіч разам з роднымі і блізкімі Аляксандра Ціхановіча смуткуе аб страце вялікага артыста.

"Ад нас пайшоў вялікі артыст, чалавек, які быў маторам. Яны з Ядзяй Паплаўскай, а з жонкай яму вельмі пашанцавала, адкрылі на эстрадзе цэлы жанр. Так, як яны працавалі, не працаваў ніхто. Чалавек найдабрэйшы, вельмі набожны. І ён не любіў шмат казаць пра тое, што здарылася, ад яго тут жа ішла дапамога. Гэта адзін сапраўдны, якіх мала. Сапраўды народны артыст", — распавёў Барткевіч.

Вестка пра смерць Аляксандра Ціхановіча стала ударам для народнага артыста Беларусі, мастацкага кіраўніка ансамбля "Сябры" Анатоля Ярмоленкі.

"Пайшоў у іншы свет мой сябар Саша Ціхановіч. Вясёлы, жыццярадасны, творчы чалавек, энергічны, магутны. Вось мы цяпер з сябрамі сабраліся, выказваем шчырыя спачуванні сям'і — Ядзе, Насце, унуку Івану і ўсім тым людзям, якія з яго песнямі ішлі па жыцці. Мы ўсе страцілі блізкага чалавека", — сказаў Ярмоленка.

Народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч памёр у ноч на суботу ў 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска на 65-м годзе жыцця. Пра смерць свайго бацькі ў сацсетках паведаміла дачка артыста Анастасія Ціхановіч.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванні родным і блізкім народнага артыста краіны Аляксандра Ціхановіча ў сувязі з яго смерцю.

Словы глыбокага смутку па прычыне незаменнай страты ў беларускай культуры выказаў і міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. Кіраўнік ведамства спачувае сям'і, родным і блізкім народнага артыста Беларусі.

Развітанне з Аляксандрам Ціхановічам пройдзе ў панядзелак 30 студзеня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Поўную версію размовы з удзельнікамі легендарных ансамбляў "Верасы", "Сябры" і "Песняры" ў памяць аб народным артысце Беларусі Аляксандры Ціхановічы слухайце на радыё Sputnik Беларусь.

Тэмы:
Пайшоў з жыцця Аляксандр Ціхановіч (11)
Тэги:
Жыццё знакамітых людзей, Гісторыя, Музыка, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Ядвіга Паплаўская, Васіль Раінчык, Анатоль Ярмоленка, Барыс Святлоў, Леанід Барткевіч, Аляксандр Ціхановіч, Аляксандр Лукашэнка, Мінск, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы