17:25 28 мая 2017
«Радыё Sputnik»
Загадчыца аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Алена Карпенка
© Sputnik / Виктор Толочко

Унікальную калекцыю роду Радзівілаў прадставілі ў Мінску

Радыё
Атрымаць кароткую спасылку
1814

У мастацкім музеі адкрылася ўнікальная для Беларусі выстава "Радзівілы: лёсы краіны і роду", аб яе экспанатах на радыё Sputnik Беларусь распавяла загадчыца аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Алена Карпенка.

Экспазіцыя ўключае ў сябе творы мастацтва з прыватнай калекцыі Мацея Радзівіла, нашчадка ў 17 калене знакамітага найбагацейшага магнацкага роду. Мацей Радзівіл — паспяховы польскі фінансіст, прадпрымальнік, мецэнат і грамадскі дзеяч пачаў збіраць калекцыю сямейных помнікаў на еўрапейскіх аўкцыёнах яшчэ ў 90-я гады. Ён часты госць у нашай краіне, дапамагаў з экспазіцыяй Нясвіжскага і Мірскага замкаў. Прыкладна каля года таму ён запрасіў супрацоўнікаў Нацыянальнага мастацкага музея да сябе дадому. Убачаная хатняя калекцыя ўразіла беларускіх мастацтвазнаўцаў. Так і нарадзілася ідэя выставы.

"Радзівіл з радасцю пагадзіўся прадставіць сваю экспазіцыю беларускаму гледачу. Было адабрана каля 100 твораў, гэта жывапіс, графіка, мініяцюры, дэкаратыўныя тканіны, памятныя медалі, прысвечаныя роду Радзівілаў. Усё гэта было прывезена ў нашу краіну. Экспанаты ёсць надзвычай каштоўныя", — распавяла Карпенка.

Каштоўнасцю вылучаюцца некалькі экспанатаў калекцыі. Гэта партрэт кардынала Ежы Радзівіла XVI стагоддзя, дэкаратыўная тканіна "Макат" XVIII стагоддзя, адзін з ранніх слуцкіх паясоў, жанравая карціна Юльяна Фалата, якая паказвае паляванне імператара Вільгельма II з сям'ёй Радзівілаў. На гэтыя творы Мацеем Радзівілам быў атрыманы спецыяльны дазвол на вываз Міністэрствам культуры Польшчы.

Экспазіцыя займае дзве залы на першым паверсе Нацыянальнага мастацкага музея. Адкрывае яе партрэт Барбары Радзівіл. Уласна творы з калекцыі Мацея Радзівіла займаюць паўтары залы. У другой зале прадстаўлены дваццаць роставых партрэтаў дынастыі Радзівілаў са збору музея.

"Будуць не толькі жывапісныя партрэты з нашай калекцыі. Ёсць яшчэ кнігі з Нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў, прадастаўленыя нашай Нацыянальнай бібліятэкай. Таксама мы паказваем дакументы з Нацыянальнага архіва, дзе гаворка ідзе пра лёс калекцыі Радзівілаў пасля 1939 года", — адзначыла Карпенка.

Афіцыйная цырымонія адкрыцця выставы адбудзецца 27 лютага. Яе наведаюць прадстаўнікі пасольства Польшчы, міністэрстваў культуры Польшчы і нашай краіны, прыбудзе і сам Мацей Радзівіл. Экспазіцыя працягнецца да 16 красавіка.

Цалкам размову з Аленай Карпенка слухайце на радыё Sputnik Беларусь.

Тэги:
выстава, Радзівілы, мастацтва, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Мінск, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы