Падабенства, якое многія СМІ і псеўдаэксперты знаходзяць паміж біткоінам і найбуйнейшай фінансавай пірамідай "МММ", створанай у 90-е Сяргеем Маўродзі, існуе толькі на першы погляд, адзначыў прарэктар Фінансавага ўніверсітэта пры Урадзе РФ Аляксей Зубец у гутарцы на радыё Sputnik.
"Маўродзі займаўся махлярствам — будаўніцтвам піраміды, тады як біткоін — гэта паўнавартасная валюта, якая можа выкарыстоўвацца ў выглядзе плацёжнага сродку і ў выглядзе сродку назапашвання. Эмітэнтамі тут з'яўляюцца прыватныя асобы, а не дзяржава, і ў гэтым яе адрозненне", — сказаў Зубец.
Біткоіны — гэта грошы, якія могуць выкарыстоўвацца ў розных мэтах, у той час як піраміды Маўродзі грошай людзям не прыносілі, гэта была гульня з адмоўнай сумай, адзначыў эксперт. У выпадку з "МММ" сума, якая даставалася пераможцу, заўсёды была менш, чым грошы, укладзеныя ў піраміду рознымі людзьмі.
"Але па факце Маўродзі нікога не падманваў. Атрымлівалася, што ён трымаў таталізатар, які служыў для заробку тых людзей, якія былі больш паваротлівымі, больш разумнымі, і яны, уласна, і зарабілі, а астатнія прайгралі. І ў гэтую азартную гульню Маўродзі гуляў неаднаразова на працягу ўсяго жыцця не толькі ў Расіі, але і ў іншых краінах", — распавёў эксперт.
Пра смерць стваральніка найбуйнейшай у Расіі фінансавай піраміды "МММ" Сяргея Маўродзі стала вядома ў панядзелак 26 сакавіка. Напярэдадні прадпрымальніку стала кепска на аўтобусным прыпынку на ўскраіне Масквы. Выпадковы мінак выклікаў хуткую дапамогу, аднак медыкі не змаглі выратаваць 62-гадовага бізнесоўца. Па папярэдніх дадзеных, Маўродзі памёр у бальніцы ад сардэчнага прыступу.