Праваслаўныя святкуюць Успенне Прасвятой Багародзіцы або Першую Прачыстую

© AP / Mindaugas KulbisУспенне Прасвятой Багародзіцы
Успенне Прасвятой Багародзіцы - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра традыцыі свята і дзеліцца новымі рэцэптамі страў.
У апошнія жнівеньскія дні згодна з народным календаром святкуюць Прачыстую. З гэтай нагоды ў народзе казалі: "Прыйшла  Прачыстая – усё поле абчысціла".
Мядовы Спас - 2020 - Sputnik Беларусь
Свая атмасфера: як святкавалі Мядовы Спас на Любаншчыне
Прачыстых дзве: Першая, Вялікая, Старшая, Большая адзначаецца 28 жніўня, а Другая, Малая або Багач – 21 верасня. Разам з Пакровамі гэтыя святы цесна звязаны з ушанаваннем Божай Маці  і ўтвараюць багародзічныя святкі.
Старажытнае земляробчае свята ўраджаю характэрызуюць разнастайныя народныя назвы:Успленне, Багародзіца, Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Аспажа, Гаспажа, Спажа, Вялікая Спажа, Зялёная, Зельная, Спленне, Успленье, Талака, Дажынкі.
Кожная назва ў народзе мела тлумачэнне. Напрыклад Спажа і Аспажа ад гаспажы; Зялёная і Зельная – ад традыцыі асвячаць зерне, зёлкі, некаторую гародніну, хлеб; Талака – ад традыцыі запрашаць на жніво і выкананне іншых працаёмкіх сельскагаспадарчых работ аднавяскоўцаў.
Для земляроба Прачыстая – сапраўднае свята ўраджаю, падвядзенне вынікаў вялікай працы. У гэты дзень ад гаспадароў можна было пачуць: "Свята Прачыста – у полі ўрачыста", "Спажа – хлеба дзяжа". Ад гэтага дня пачыналі капаць бульбу. Так на Століншчыне казалі, што "На Спленне цягні бульбу за карэнне" і тое ж памятаюць беларусы-перасяленцы з Навасібірскай вобласці продкі якіх жылі калісці пад Рагачовам. Ад іх этнограф і фалькларыст Уладзімір Васілевіч запісаў: "На Першую Прачыстую сыпалі хоць па два кашы бульбы ў падполле".
Лічылася, што ад Прачыстай пачынаецца "маладое бабскае лета", якое заканчваецца 11 верасня. У гэты час звычайна ўсталёўвалася добрае надвор’е, якое спрыяла выкананню вялікай колькасці гаспадарчых прац. Каб не страціць ні кроплі ад ураджаю важна было рабіць усё хутка і своечасова. Акрамя жніва патрабуе ўвагі і агарод. Трэба прыбраць і спарадкаваць спелую гародніну, паклапаціцца аб насенні і працягваць змагацца з пустазеллем, сярод якога найзлоснейшым лічылі асот. Так на Случчыне у Прачысту, ідучы ў царкву асвячаць зерне і зёлкі,  гаспадыні прыхоплівалі каліва асоту. Верылі, калі па вяртанні са службы пасадзіць асвечаны асот на грады, то ён там перастане расці.

Як збіраць і захоўваць квяцістую капусту

У гэтыя дні на вёсках пачыналі збіраць ураджай не толькі традыцыйнай гародніны, але і незвычайнай. Напрыклад, пры фальварках звычайна вырошчвалі квяцістую капусту. У старажытнасці яе называлі сірыйскай,  паколькі яна была выведзена сірыйскімі фелахамі. Больш за тысячу гадоў таму сірыйскі ўрач Авіцэна раіў ужываць сірыйскую капусту ў зімовы час. У ХІІ стагоддзі арабы прывезлі расліну ў Іспанію, а таксама яна было вывезена на Кіпр. Шмат вякоў Кіпр быў практычна адзіным пастаўшчыком яе насення ў краіны Еўропы. У ХVІ стагоддзі асобныя гатункі квяцістай капусты пачалі вырошчваць у Францыі, Ітаіі, Галандыі, Германіі і Англіі. У Расію квяцістая капуста трапіла пры Кацярыне ІІ і вырошчвалася толькі на гародах вяльмож.
Фіялетавая квяцістая капуста
Яшчэ ў першай палове ХІХ стагоддзя аўтарка кулінарна-гаспадарчай энцыклапедыі "Літоўская гаспадыня" Ганна Цюндзявіцкая распавядала як захоўваць і саліць квяцістую капусту. Яна раіла сеяць капусту з мэтай яе захавання ў чэрвені, а выбраўшы, захоўваць ў добра праветрываемым склепе і скарыстоўваць перш тую, якая пачала псавацца. Качаны чысцілі ад ніжняга лісця, звязваючы астатняе над суквеццем і развешвалі так, каб яны не датыкаліся адзін да аднаго. Захоўвалі іх не толькі зрэзанымі, але і выкапанымі з карэннем, на якім заставалася глеба. Такую капусту ў склепе прыкопвалі ў пясок і яна працягвала расці. Каб захаваць капусту інакш, яе салілі ў дубовых скрынях і перад ужываннем вымочвалі, або адварвалі ў вялікай колькасці вады. Солі ў расол дадавалі столькі, каб сырое яйка не танула. Захоўвалі такую капусту зімой у склепе, а ўлетку - на крыгах лёду.
Харчовая каштоўнасць квяцістай капусты значна вышэйшая, чым у белакачаннай. Больш паловы азоцістых рэчываў у ёй складаюць лёгказасваяльныя бялкі, клятчаткі ж утрымваецца мала, багатая яна на вітаміны РР, С, групы В, солі калія, магнія, фосфара, утрымліваецца ў ёй кобальт, ёд, ферментныя рэчывы, якія спрыяюць рэгуляцыі цукра ў крыві і халестырыну. Такая капуста -  каштоўны дыетычны прадукт у харчаванні хворых з рознымі захворваннямі і асабліва важны для дыябетыкаў.
Ужываюць квяцістую капусту ў вараным, тушаным і смажаным выглядзе.
Квяцістая капуста ад Вінцэнты Завадскай
Інгрыдыенты:
  • 2-3 галоўкі квяцістай капусты
  • соль па смаку
  • 1 ст лыжка масла
  • 2 пшанічныя сухарыкі
Як гатаваць:
Ачысціць квяцістую капусту ад лісця, разабраць на суквецці, апусціць у падсоленую ваду на некалькі хвілін, каб выдаліць вусеняў. Апаласнуць у вадзе з дадаткам воцату, пакласці ў падсолены кіпень і зварыць да гатовасці. Дастаць на сіта, даць сцячы вадзе. Пакласці на талерку суквеццямі ўверх і заліць маслам з падсмажанымі ў ім сухарыкамі або соусам шадо.
Соус шадо
Інгрыдыенты:
  • 5 жаўткоў
  • 1 шклянка цукру
  • 1,5 шклянкі лёгкага віна
Як гатаваць:
Жаўткі расцерці да белага з дробным цукрам, развесці лёгкім белым кіслым віном, паставіць на малы агонь, і ўзбіваючы калатоўкай награваць, пакуль соус не пачне гусцець і не ўзаб’ецца ў пену.
Трэба пільна сачыць каб соус не закіпеў, бо тады шадо не ўдасца.
Стужка навiн
0