01:24 23 лістапада 2017
«Радыё Sputnik»
Актрыса Алеся Грыбок, рэжысёр Яўген Лыткін, акцёр Ягор Пятрэнка, аператар Максім Малахаў (злева направа) падчас прэзентацыі фільму Ра +Дж

“Ра і Дж” – вялікая гісторыя ў кароткім метры

© Sputnik/ Юлія Хвошч
Рэпартаж
Атрымаць кароткую спасылку
50881

Грошы на мастацкі фільм на аснове краўдфандынгавай сістэмы ўпершыню сабралі ў Беларусі. Стужка распавядае пра вечнае каханне і ў неўзабаве будзе прадстаўлена шырокаму колу гледачоў.

Юлія Хвошч, Sputnik.

Збор сродкаў на моладзевыя творчыя праекты "народнымі намаганнямі" — з'ява не новая для Беларусі. На гэтай аснове паспяхова распачаў сваю дзейнасць колькі гадоў таму незалежны літаратурны альманах "Макулатура", шэраг гуртоў запісалі альбомы такім жа чынам, а гурт фолькавай музыкі "Стары Ольса" не так даўно сабраў сродкі на новы кліп.

Але грошы на мастацкі фільм, няхай і караткаметражны, былі сабраны на айчыннай краўдфандынгавай платформе ўпершыню. Фільм "Ра і Дж" маладога рэжысёра Яўгена Лыткіна прэзентавалі ў галерэі інтэрнэт-выдавецтва Tut.By у мінулую пятніцу ў межах закрытага паказу.

Збіты сюжэт, цікавыя дэталі

Кажуць, што ў свеце існуе толькі 36 сюжэтаў, усё астатняе — варыяцыі. Аўтары "Ра і Дж" пайшлі па шляху амерыканскіх фільмаў для падлеткаў: у гісторыі пра вялікае каханне абавязкова павінен быць адзін (як правіла дзяўчына) смяротна хворым. Другі ж звычайна даведваецца пра дыягназ, калі ўсё вельмі добра і гісторыя пра каханне з першага позірку блізіцца да вяселля. Ну, і канешне, "здаровы" складнік пары павінен у гонар вечнага кахання напрыканцы фільма здзейсніць геройскі ўчынак — ахвяраваць кавалачкам сябе дзеля каханай.

Гэта ўжо настолькі збітая заходнімі кінаматаграфістамі наіўная тэма, што стала нават крыўдна з нагодны абрання беларускім таленавітым тандэмам Лыткін-Малахаў гэтай гісторыі. Аднак перад паказам аўтары адзначылі, што менавіта гэты сцэнар для іх вельмі важны.  

Кадр з фільму Ра і Дж
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Кадр з фільму "Ра і Дж"

Хлопец закахаўся ў дзяўчыну, якая працуе афіцыянткай, прапануе сустрэцца, яна адмаўляе, але ўпартасць хлопца пераадольвае. Неўзабаве яны становяцца самай шчаслівай парай у свеце. Але раптоўна герой дазнаецца, што ў яго закаханай фіброз легкага.

Мімаходам закранаецца праблема сучаснай моладзі. Гераіня называе сваіх сяброў мёртвымі таму што яны "быццам бы ёсць, але так… посцяць малюнкі ў інтэрнэце". У гэтым кантэксце на працягу стужкі аўтары адлюстроўваюсь прыгажосць "рэальнага" жыцця, яго насычанасць. За гэта ім вялікі плюс.

Куды больш за сюжэтную лінію парадаваў калейдаскоп цікавых дэталей — пазванавальныя пейзажы сучаснага, менавіта беларускага, горада, эпізод з матацыклам, елачная цацка ў трамваі, нестандартнае мысленне галоўнага героя.

Мантажныя планы ў стужцы зроблены прафесійна, і, як нехта адзначыў у зале пасля прагляду, гэта не поўнафарматнае кіно, каб ладзіць яго шырокімі размашыстымі планамі — хуткая змена планаў як мага лепей упісалася ў кароткі метр.

Прыемна здзівіла і праца маладых акцёраў. Яны сапраўдныя, не імкнуцца выдаць сябе за выдатных акцёраў, а проста і гарманічна існуюць у стужцы.

"Я паспрабавала распавесці гісторыю слабага чалавека. Не таго героя, якога мы прывыклі бачыць, які змагаецца з праблемамі, перамагае іх, і, як вынік, становіцца мацней. Мне хацелася распавесці пра другое. Мабыць, для гэтага таксама трэба мець нейкую моц, каб прызнацца, што ты слабы", - распавяла актрыса Алеся Грыбок, якая здымалася ў нашумелай "Вышэй за неба", перад паказам.

Алеся Грыбок падчас закрытага паказу фільму Ра і Дж
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Алеся Грыбок падчас закрытага паказу фільму "Ра і Дж"

Падаліся незразумелымі некаторыя гукарэжысёрскія крокі, асабліва — выкарыстанне музыкі і песень гурта Navi. Пасля паказу акцёры прызналіся, што гэта іх любімы гурт, але ці варта толькі з гэтай нагоды ўключаць у фільм музыку, якая не найлепшым чынам упісваецца ў кантэкст? Магчыма, так падалося, што музыка была выкарастана не дарэчна — песня Navi літаральна ўрэзалася ў самы сонечны эпізод стужкі, крыху пайграла і так сама раптоўна знікла. Іншая справа песня J: Морс напрыканцы фільму — тут усё гарманічна — шчырая, свабодная і крыху сумная, як і сам фільм.

"Хлопцы патэлефанавалі нам улетку. Але не з просьбай даць ім песню да фільма, а з прапановай зняць нам кліп. Хлопцы са стрыжанём, ведаюць, чаго хочуць. У іх няма грошай, але яны ведаюць, што зробяць нам кліп. І я зразумеў, што яны здымуць фільм, і не адзін. І мне прыемна прысутнічаць у сітуацыі, калі яны стартуюць", — сказаў вакаліст гурта J: морс Уладзімір Пугач.

Супярэчлівыя ўражанні

Пасля прагляду выказацца ахвочых ці то не; было, ці то саромеліся. Усе сядзелі быццам у чаканні працягу стужкі. Замест працягу гледачам прапанавлі бэкстэйдж — кліп з цікавых момантаў, якія адбываліся падчас здымачнага працэсу. Ён, дарэчы, атрымаўся досыць маляўнічым і пазітыўным.

Аўтары фільму Ра і Дж падчас прэм'ернага паказу
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Аўтары фільму "Ра і Дж" падчас прэм'ернага паказу

Прагляд бэкстэйджу, нарэшце, разняволіў гледачоў і яны пачалі выказываць свае супярэчлівые ўражанні. Некаму здавалася, што гісторыю для поўнага фармату нельга ўмясціць у кароткі метр, некага не задаволілі мантажныя планы, нехта запытаўся пра грошы, а вакалістка гурта Navi пахваліла сваю музыку ў фільме. Кожнаму — сваё. Але ў большасці засталося пачуццё недасказанасці, амаль усім каментатарам нечага не хапала.

У агульным фільм падаецца прафесійным, яго ніяк нельга назваць аматарскім. Канешне, у стужкі ёсць маленькія недахопы, але яна зроблена настолькі шчыра, што ніхто пасля прагляду не застаўся абыякавым. Спадабаецца стужка шырокаму гледачу ці не — не так ужо і важна. Важна тое, што таленавітыя маладыя людзі давялі справу да канца, зрабілі гэта і пераканалі, што ў беларускага кінематографа ёсць будучыня.

Тэги:
Сучаснае мастацтва, Кіно, Мастацтва, Navi (гурт), j:морс, Беларусь

Галоўныя тэмы