МІНСК, 22 мая — Sputnik. Двухдзённы мультыфестываль гістарычнай рэканструкцыі "Бітва чатырох эпох" прайшоў Парку-музеі інтэрактыўнай гісторыі "Сула" на мінулых выхадных. Фестываль праходзіў упершыню, але сабраў вялікую колькасць гасцей з усёй Беларусі.
Цягам двух дзён гледачы назіралі за тым, як праходзілі ваенныя дзеянні на беларускіх землях у розныя перыяды беларускай гісторыі.
Праграма мерапрыемства ў суботу была падзелена на 4 тэматычныя блокі — эпоха вікінгаў, Сярэднявечча, часы Вялікага Княства Літоўскага і эпоха Напалеона, спаборніцтвы праходзілі ў храналагічным парадку.
Прадстаўнікі ранняга Сярэднявечча выступілі ў масавых спаборніцтвах і штурмам узялі ўмацаванае гарадзішча. Рыцары змагаліся ў паядынках адзін на адзін, ладзілі бугурты і асаджалі замак.
Шляхта Вялікага Княства Літоўскага і ўдзельнікі гістарычнай рэканструкцыі ХІХ стагоддзя выканалі манеўры і прадэманстравалі досыць рэалістычныя батальныя сцэны.
Паядынкі адбываліся на цэнтральным рэсталішчы, вакол якога месціўся кірмаш майстроў з аўтэнтычнай атрыбутыкай і сувенірамі, музычныя сцэны, фудкорты, інтэрактыўныя пляцоўкі. У сядзібе Ленскіх ладзіліся экскурсіі, а лучнікі і фехтавальшчыкі давалі майстар-класы.
У лагерах воінаў паралельна праходзіла свая ўнікальная праграма — шпацыруючы праз палаткавы гарадок, можна было паназіраць за побытам розных эпох. Тут натуральна жылі і вікінгі, і шляхцічы, гатавалі ежу, латавалі вопратку, а потым збіраліся на вайну. Дарэчы, палаткі таксама былі размешчаны ў храналагічным парадку — пачынаючы шлях з лагеру вікінгаў, па сцежцы можна было трапіць у Сярэднявечча, далей разгарнулася шляхта Вялікага Княства Літоўскага, адразу за імі — прадстаўнікі часоў Януша Радзівілла і, нарэшце, прадстаўнікі "напалеонікі".
Пасля паядынкаў распачалася музычная праграма з удзелам фолк-калектываў Беларусі і бліжэйшага замежжа.
Свята прадоўжылася і ў нядзелю, але без музычнага складніка і завяршылася а 16-й гадзіне.