Фестываль "Купальскае кола" сёлета адбыўся ў 10-ты раз, але менавіта як мерапрыемства на адкрытай пляцоўцы — у 9-ты (першы канцэрт быў зладжаны ў 2007-м у клубе), таму свой юбілей фэст паўнавартасна адзначыць толькі ў наступным годзе.
Традыцыйна оупэн-эір спалучыў музычны і абрадавы складнікі — аматары якасанай фолкавай гучнай музыкі прыехалі на выступы любімых гуртоў, прыхільнікі беларускай спадчыны — адзначыць Купалле.
"Купальскае кола" лічыцца аднім з найбуйнейшых метал-фэстаў Беларусі, штогод яго наведвае тысячы беларусаў, а ўлічваючы той факт, што яшчэ адзін штогадовы метал-фестываль Metal Crowd Fest сёлета быў адменены, то "Купальскае кола" стала сапраўднай аддушынай беларускіх аматараў цяжкай музыкі.
Надвор'е не перашкодзіла
Фестываль не проста так пазіцыянуе сябе як міжнародны — ён штогод аб'ядноўвае на адной сцэне гурты з розных краін і збірае гасцей з бліжэйшага і не вельмі замежжа. Сёлета фестываль зноў наведалі палякі, расіяне, нарвежцы. Чэхі, у прыватнасці, прыехалі адмыслова для таго, каб паглядзець выступленні беларускіх Znich і Gods Tower.
Глядзіце таксама фотастужку "Купальскае кола-2017": дождж, мядзведзь і вогнішча —>>
Гэтым разам "Купальскае кола" праходзіла на новай пляцоўцы — у палаца-паркавым турыстычным комплексе "Дукорскі маёнтак". Месца для правядзення музычнага-купальскага свята апынулася вельмі зручным — на пляцоўцы ў цэнтры парка зладзілі сцэну, у крокавай даступнасці ад якой знаходзіліся карчма з нацыянальнымі беларускімі стравамі, этна-пляцоўка, працавалі ткацкія і ганчарныя майстэрні. Гістарычная славутасць — Дукорская брама — служыла ўваходам на фестываль, а непадалёк за сцэнай, на беразе рэчкі, знаходзіўся перакулены домік, якіх у Еўропе ўсяго шэсць.
"Гэты фестываль — тэма для нас неспрабаваная, але ўлічываючы той факт, што яго падтрымліваюць на адмінстарцыйным узроўні і ён з'яўляецца часткай моладзевай культуры, мы вырашылі паспрабаваць і паглядзець, што з гэтага атрымаецца. Тым больш, што канцэртна-абрадавы складнік мерапрыемства вельмі ўпісваецца ў канцэпцыю нашага комплекса", — распавёў карэспандэнту Sputnik дырэктар ЗАТ "Дукорскі маёнтак" Сяргей Кузьменка.
Блізкасць рэчкі з празрыстай вадой да фестывальнай пляцоўкі вельмі спрыяла правядзенню купальскіх абрадаў — спусціць вянкі на ваду можна было амаль побач са сцэнай.
Глядзіце таксама відэа "Фестываль "Купальскае кола" прайшоў у "Дукорскім маёнтку" — >>
Як вядома, Купалле — свята агню і вады. На фестывалі было ўсё па-сапраўднаму — вады было зашмат. І лілася яна з неба, што парадкам сапсавала настрой на пачатку фестывалю. Напярэдадні сіноптыкі прагназавалі, што дождж будзе доўжыцца не больш за 1-2 гадзіны. Бадай памыліліся, і калі стала зразумела, што ён спыняцца не збіраецца, госці вырашылі проста не звяртаць на надвор'е ўвагі — танцавалі і скакалі, зараджалі адзін аднаго пазітывам і тым самым прагналі дождж. Усё атрымалася — бліжэй да вечара неба стала ясным.
Музычны складнік
Фестываль вядомы сярод беларусаў як металічны, але сёлета арганізатары змянілі фармат і дадалі ў лайн-ап электроннай фолкавай музыкі — на сцэне выступілі "Нейромонах Феофан" і Go-A.
Дарэчы, пра лайн-ап. Сёлета ён практычна цалкам складаўся з хэдлайнераў — "Тролль Гнет Ель", Omut, Znich, "Аркона", Re1ikt выходзілі на сцэну адзін за адным. Сумаваць не давялося.
"Раней мы стаўку рабілі на метал і фолкавыя гурты, цяпер мы сталі больш шырэй падыходзіць да выканаўцаў і да фармату фестывалю, бо ўсё ж-такі фальклор — ён рознабаковы і рознастылістычны", — распавёў арганізатар фестывалю Алесь Таболіч у студыі радыё Sputnik Беларусь.
Склад удзельнікаў сфарміраваўся з прадстаўнікоў трох краін — Расіі ("Тролль Гнет Ель", "Аркона" і "Нейромонах Феофан"), Украіны ("Тінь Сонця" і Go-A) і Беларусі (Znich, Kliodna, Massenhinrichtung, Re1ikt, Gods Tower, Omut).
Адныя з нецярплівасцю чакалі выступленняў Znich і Gods Tower, іншыя — "Нейромонаха Феофана", а нехта прыехаў паглядзіць на "Тінь Сонця", "Тролль Гнет Ель" ці Re1ikt.
Znich выйшлі на сцэну ў самай сярэдзіне фестываля і сваёй моцнай энергетыкай задалі настрой на астатні вечар — іх выступлення чакалі, іх песні спявалі хорам. Напрыканцы выступлення лідэр гурта і арганізатар фестывалю Алесь Таболіч падзякваў усім са сцэны за ўдзел і добры настрой.
Другі чаканы госць фестывалю — "Нейромонах Феофан" — постаць загадкавая і неадназначная.
Напярэдадні выступлення артыст папрасіў вядоўцу "Купальскага кола" Аляксандра Памідорава прадставіць яго публіцы не інакш як "вящий драмодел". Паколькі фестываль вёўся на беларускай мове, то артыста прадставілі як "кудзец, гулец, глумец, пясняр, слынны драмароб". Дарэчы, самаму Феафану яго званне ў перакладзе прыйшлося вельмі да спадобы.
Падчас выступу Феафана наведвальнікі фэсту вадзілі карагоды, ладзілі флэш-мобы, ламалі агароджы, тапталі поле і разбівалі лапці.
Нечакана для сябе нават тыя, хто ставіўся да драм-н-бэйсу скептычна, адкрылі для сябе новую музыку.
Такім жа адкрыццём для многіх стала і выступленне ўкраінцаў Go-A — гурта сапраўды еўрапейскага ўзроўню.
Завяршылася музыкальная праграма выступленнем легендарных беларусаў Gods Tower.
"На маю думку, Gods Tower выдалі на "Купальскім коле" свой лепшы канцэрт за апошнія некалькі гадоў", — падзяліўся ўражаннямі прыхільнік калектыву.
"Спявалі як маглі, каб толькі загарэлася"
Але "Купальскае кола" — гэта не толькі музыка, але і вяртанне да вытокаў. Вось ужо амаль 10 гадоў многія едуць на фестываль адмыслова для таго, каб адзначыць Купалле, паскакаць праз вогнішча, паўдзельнічаць у абрадах.
Асобнай часткай праграмы значылася выступленне беларускіх фаершчыкаў. Выступленне было цалкам тэатралізаваным — гледачам з дапамогай агню паказалі легенду аб купальскім свяце.
Апоўначы, пасля выступу Go-A, усе рушылі да рэчкі, дзе быў умацаваны сімвал Купалля, які, паводле паганскіх звычаяў, трэба было спаліць. Але не тут было. Драўляная канструкцыя з колам на верхавіне, прастаяўшы ўвесь дзень пад дажджом, не паддавалася агню. Не дапамагаў нават бензін.
І тут пачалася сапраўдная магія — людзі вадзілі карагоды вакол купальскага сімвала і спявалі "Купалінку", заклікаючы да з'яўлення полымя. Праз пэўны час, калі былі страчаны апошнія надзеі на вогнішча, кола ўсё ж-такі загарэлася, сімвалізучы гэтым перамогу дабра над злом.
Такім чынам, не гледзячы на ўсе перашкоды, фестываль атрымаўся. Госці працягваюць дасылаць словы падзякі арганізатарам у сацыяльных сетках.