МІНСК, 14 чэр — Sputnik. Сталічныя ўлады вынеслі на грамадскае абмеркаванне праект планавання тэрыторый старога квартала Мінска Асмалоўкі — усе будынкі ў ім прапануецца знесці.
Горадабудаўнічы праект планавання тэрыторыі ў межах вуліц Старавіленская — Кісялёва — Куйбышава — Камуністычная быў размешчаны на сайце адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска.
Згодна з праектам, Асмалоўку прапануецца цалкам знесці, а на месцы старых будынкаў пабудаваць пяціпавярхоўкі з крамамі і падземнымі паркінгамі. Акрамя таго, сталічныя ўлады плануюць пабудаваць у квартале два дзіцячыя садкі.
На думку аўтараў праекта, у выніку агульная плошча жылога фонду павялічыцца ў тры разы — да 91 тысячы квадратных метраў (34 тысячы цяпер), а колькасць пражываючых у квартале людзей — да 3,4 тысячы (цяпер — каля 1,8 тысячы).
Грамадскае абмеркаванне праекта зносу старога квартала ў Мінску пройдзе ў перыяд з 23 чэрвеня па 17 ліпеня бягучага года, прэзентуюць новы план квартала мінчанам 26 чэрвеня ў будынку адміністрацыі Цэнтральнага раёна.
Раней беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры прыняла рашэнне не надаваць сталічнаму кварталу Асмалоўка статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Асмалоўка — квартал у межах вуліц Багдановіча, Кісялёва, Камуністычнай і Куйбышава ў Мінску. Ён лічыцца адным з першых мікрараёнаў пасляваеннай сталіцы: ён быў пабудаваны ў 1949 годзе нямецкімі ваеннапалоннымі. Гэта першы "элітны" раён Мінска: спачатку тут жылі вышэйшыя ваенныя чыны, а затым — мастакі, артысты, работнікі міністэрстваў. Зараз квартал — упадабанае месца кінематаграфістаў: у ім праходзяць здымкі сцэн фільмаў, якія ілюструюць жыццё савецкіх грамадзян 1950-70-х гадоў.
У апошнія гады сталічныя ўлады неаднаразова заяўлялі, што раён павінен быць перабудаваны ў адпаведнасці з сучаснай структурай горада.