МІНСК, 9 кра - Sputnik. Адмена роўмінгу з'яўляецца адным з праблемных пытанняў, заявіў журналістам кіраўнік Мінкомсвязі Расіі Канстанцін Наскоў на форуме "ТІБО-2019".
Раней у сакавіку дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота сказаў, што профільныя міністэрствы працуюць над дарожнай картай вырашэння пытання адмены роўмінгу паміж дзвюма краінамі. Зараз у Расіі і Беларусі абмяркоўваюць, як тэхнічна вырашыць гэтае пытанне.
Як плануюць вырашаць праблему
"Будзем абмяркоўваць пытанне адмены роўмінгу. Гэта адно з праблемных пытанняў, у тым ліку таму я тут. Пакуль нашы пазіцыі недастаткова блізкія", - сказаў сёння ў Мінску Канстанцін Наскоў.
Паводле яго слоў, расійскі бок зыходзіць з таго, што трэба ўвогуле скасаваць плату за ўваходныя званкі як для расіян, якія прыехалі ў Беларусь, так і для беларусаў, якія прыехалі ў Расію.
"Мы лічым, што неабходна практычна абнуліць плату за так званы "інтэрканэкт" - за прыём міжнароднага выкліку", - назваў спосаб вырашэння пытання расійскі міністр.
Праўда, ён звярнуў увагу, што як раз па гэтым пытанні і не атрымалася дамовіцца з беларускім бокам. "Спадзяюся, што за гэтыя два дні, якія я правяду ў Беларусі, мы моцна зблізім нашы пазіцыі", - адзначыў Канстанцін Наскоў.
Упершыню пытанне адмены роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй прагучала на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Пасля спікер Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка прапанавала аформіць гэтае пытанне ў выглядзе пратакольнага даручэння.
Па словах Рыгора Рапоты, рашэнне дадзенага пытання ў чыноўнікаў дзвюх краін зрушылася з месца таму, што "потым прыйшло ўсведамленне, што трэба нешта рабіць, таму што ёсць рашэнне прэзідэнтаў".