МІНСК, 17 лют – Sputnik. Сямсот беларускіх абітурыентаў змогуць атрымаць квоту на бясплатную адукацыю ў Расіі ў 2021 годзе, распавёў кіраўнік прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Беларусі Эдуард Крусткалн у мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь.
"Гэта ў 10 разоў больш, чым два гады таму (у 2019-м квоты атрымалі 73 беларусы, у 2020-м - 230 - Sputnik). У 2021-м агульная колькасць квот (для ўсіх замежных грамадзян - Sputnik) павялічыцца з 15 да 18 тысяч", - удакладніў суразмоўца.
Тэндэнцыя такая, што колькасць квот ідзе ў бок павелічэння. Праз год іх колькасць складзе 23 тысячы, праз два - 30 тысяч", - растлумачыў Крусткалн.
На першым этапе адбору кандыдатам трэба запоўніць анкету, адсканіраваць пашпарт і даслаць дакумент аб адукацыі (атэстат або дыплом). Далей ўлічваюцца індывідуальныя дасягненні кандыдата - перамогі ў алімпіядах і іншае. Для бакалаўрыята і спэцыялітэта ў гэтым годзе прадугледжана новаўвядзенне - тэставанне: трэба здаць два ўступныя прадметы на будучую спецыяльнасць. Пасля гэтага, зыходзячы з сумы балаў, выводзіцца агульная адзнака, якая канкуруе з астатнімі.
Адправіць дакумент на суперсэрвіс Рассупрацоўніцтва можна да 20 лютага.
"Колькасць жадаючых атрымаць квоты заўсёды перавышае колькасць саміх квот. У гэтым годзе чакаем перавышэнне ў два-тры разы", - падзяліўся назіраннямі кіраўнік прадстаўніцтва.
Самыя папулярныя ВНУ Расіі для беларусаў
Што тычыцца працэдуры адбору, кандыдаты маюць права выбраць да шасці ўніверсітэтаў, у адным з якіх будуць вучыцца: два - у Маскве, два - у Санкт-Пецярбургу, яшчэ два - у астатніх рэгіёнах Расіі.
"Адзіная ўмова - іх трэба будзе ранжыраваць на прыярытэтнай аснове", - падкрэсліў кансультант прадстаўніцтва Андранік Аусепян.
Паводле яго слоў, часцей за ўсё беларусы аддаюць перавагу гуманітарным спецыяльнасцям. Больш за ўсё сярод нашых суайчыннікаў папулярны Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт, на другім месцы - Вышэйшая школа эканомікі, на трэцім - Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут.
Нагадаем, беларусы маюць магчымасць паступіць па квоце ў расійскія ВНУ з 2013 года. У першыя гады колькасць квот складала некалькі дзясяткаў. На дадзены момант у Расіі за бюджэтны кошт вучыцца больш за 300 тысяч студэнтаў з больш чым 170 краін свету. З іх больш 3700 - з Беларусі.
Што дае квота?
Квота - гэта магчымасць бясплатна навучацца ў любым расійскім ВНУ, яна дае таксама стыпендыю, месца ў інтэрнаце і зніжку на карыстанне грамадскім транспартам.
Чытайце таксама:
- Расійскія ВНУ прадставяць свае праграмы на выставе ў Мінску
- Паступіць у ВНУ Расіі стала лягчэй у 5 разоў: што такое суперсэрвіс для замежнікаў?
- АДЭ і ЦТ: Расія і Беларусь абмяркоўваюць, як палегчыць жыццё абітурыентам