МІНСК, 16 лют – Sputnik. У Мінску з 18 па 20 лютага пройдзе 19-я міжнародная спецыялізаваная выстава адукацыйных паслуг "Адукацыя і кар'ера", паведамілі Sputnik арганізатары.
На пляцоўцы, якая размесціцца ў Палацы мастацтваў, любы абітурыент зможа выбраць ВНУ і будучую прафесію: прадстаўнікі ўніверсітэтаў, каледжаў і ліцэяў дапамогуць выпускнікам вызначыцца.
Першапачаткова паведамлялася, што будуць прадстаўлены 12 расійскіх ВНУ. Але ўсяго за некалькі дзён да пачатку выставы іх колькасць вырасла да 30. З іх 20 прымаюць удзел у вочным фармаце, яшчэ 10 - у завочным.
Свае стэнды прадставяць Маскоўскі нацыянальны даследчы тэхнічны ўніверсітэт імя М.Э. Баўмана, Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут, Фінансавы ўніверсітэт пры ўрадзе РФ, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт, Санкт-Пецярбургскі нацыянальны даследчы універсітэт ІТМО і іншыя.
Таксама на выставе будзе прадстаўлены шэраг вядучых рэгіянальных ВНУ: прыгранічны Пскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт, БФУ імя Імануіла Канта, Паўднёвы федэральны ўніверсітэт, Смаленскі дзяржаўны ўніверсітэт, Паўночна-Каўказскі федэральны ўніверсітэт, Новасібірскі нацыянальны даследчы дзяржаўны ўніверсітэт і іншыя.
Арганізатары падкрэсліваюць, што ў дні правядзення выставы можа быць агучана важная для беларускіх абітурыентаў навіна: пры паступленні ў ВНУ РФ ім будуць залічваць вынікі ЦТ (аналаг расійскага АДЭ).
"Гэты важны этап супрацоўніцтва ў галіне адукацыі паміж Расіяй і Беларуссю дазволіць спрасціць працэс паступлення для беларускіх выпускнікоў школ", - адзначаюць суразмоўцы.
У мінулым годзе выставу наведалі каля 11 тысяч чалавек, былі прадстаўлены 105 арганізацый-удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Латвіі, Польшчы, Францыі, Чэхіі, Ізраіля і Германіі.
Як сёння можна паступіць у Расію?
У мінулым годзе квоту атрымалі 230 беларускіх абітурыентаў, ва ўступнай кампаніі-2021 месцаў абяцаюць больш. Дарэчы, у Расіі па дадзеных Рассупрацоўніцтва ў мінулым годзе навучалася 10 509 беларускіх студэнтаў, з іх 3 734 - за кошт расійскага бюджэту.
Акрамя таго, хутка можа быць вырашана пытанне аб стварэнні пунктаў здачы АДЭ ў Беларусі: у канцы лютага міністры адукацыі дзвюх краін абмяркуюць тэму на сустрэчы ў Магілёве.
Чытайце таксама:
- АДЭ і ЦТ: Расія і Беларусь абмяркоўваюць, як палегчыць жыццё абітурыентам
- Пасол РФ прапанаваў адкрыць пункты для здачы АДЭ ў Беларусі
- Не толькі матэматыка і фізіка: па якіх яшчэ прадметах змянілі ЦТ