МІНСК, 16 сак – Sputnik. Міністэрства юстыцыі зарэгістравала ў Беларусі асацыяцыю "Інфармацыйная бяспека", паведамляе прэс-служба ведамства.
Адзначаецца, што мэтай арганізацыі будзе "супрацьдзеянне распаўсюджванню негатыўнага кантэнту ў інфармацыйнай прасторы".
Заснавальнікамі асацыяцыі сталі некалькі грамадскіх аб'яднанняў - Беларускае педагагічнае таварыства, Беларускае таварыства псіхолагаў, міжнароднае грамадскае аб'яднанне па навукова-даследчых і інфармацыйна-адукацыйных праграмах "Развіццё" і іншыя.
У канцы лютага віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Петрышэнка заявіў, што інфармацыйная вайна, якая была развязана супраць дзяржавы ў 2020 годзе, яшчэ не скончылася. На яго думку, "нашы СМІ з годнасцю выйшлі з гэтай сітуацыі і працягваюць цвёрда адстойваць дзяржаўныя інтарэсы і прыярытэты".
Пасля выбараў прэзідэнта, што прайшлі ў Беларусі 9 жніўня 2020 года, на якіх у шосты раз перамог Аляксандр Лукашэнка, у краіне пачаліся масавыя акцыі пратэстаў. Падчас іх разгону сілавікі выкарыстоўвалі спецсродкі і спецтэхніку. Улады афіцыйна пацвердзілі гібель траіх пратэстуючых. Акцыі паступова змянілі характар на лакальны і малаколькасны. Кіраўнік КДБ Беларусі 11 лютага заявіў, што сітуацыя ў краіне стабілізавалася, пік пратэстаў пройдзены, іх праявы практычна сышлі.
Чытайце таксама:
- Кіраўнік КДБ: пік пратэстаў у Беларусі пройдзены
- Польская пракуратура разглядае запыт РБ аб выдачы заснавальнікаў NEXTA
- Карпянкоў адкрыта аб пратэстах, цкаванні родных і службе