13:03 22 жніўня 2019
«Радыё Sputnik»
  • USD2.06
  • EUR2.28
  • 100 RUB3.11
Беларускі плывец Ігар Бокій

Герой Паралімпіяды – беларус Ігар Бокій

© REUTERS / SERGIO MORAES
Спорт
Атрымаць кароткую спасылку
Герой Паралімпіяды-2016 – Ігар Бокій (5)
4560

Малады плывец з'яўляецца ганаровым грамадзянінам Бабруйска – гэта званне яму прысвоілі пасля Паралімпіяды ў Лондане (2012 год).

МІНСК, 19 вер — Sputnik. Беларускі плывец Ігар Бокій стаў рэкардсменам Паралімпіяды ў Рыа па колькасці ўзнагарод — на яго рахунку шэсць залатых і адна бронзавая ўзнагарода.

Беларускі Фэлпс

Паралімпіяда завяршылася ў Рыа напярэдадні. Па выніках агульнага медальнага заліку Беларусь апынулася на 19 месцы, нашы атлеты заваявалі дзесяць узнагарод. З іх сем медалёў атрымаў 22-гадовы плывец Ігар Бокій.

Рэкардсменам цяперашняй Паралімпіяды стала зборная Кітая, якая заваявала на Гульнях-2016 у Рыа-дэ-Жанейра 239 медалёў рознай вартасці, уключаючы 107 залатых.

Першым трыумфам для Бокія стала Паралімпіяда ў Лондане ў 2012 годзе — у 18 гадоў ён заваяваў адразу пяць залатых узнагарод, за што пазней яго называлі "беларускім Фэлпсам". Адразу па вяртанні са сталіцы Вялікабрытаніі Бокію прысвоілі званне ганаровага грамадзяніна Бабруйска, падарылі кватэру, а ля гарадскога басейна павесілі расцяжку з яго фотаздымкам.

Плаванне шэсць дзён на тыдзень

Са шматлікіх інтэрв'ю Бокія вядома, што плаваннем ён займаецца з самага дзяцінства. Спачатку бабруйчанін займаўся на роўных з усімі, але з-за праблем са зрокам яму давялося перайсці ў паралімпійскі спорт. Зрэшты, Ігара гэта не спыніла: ён плавае шэсць дзён на тыдзень і спадзяецца паспаборнічаць са здаровымі спартоўцамі.

Акрамя поспехаў на Паралімпіядах, Бокій з'яўляецца шматразовым чэмпіёнам свету і Еўропы, а таксама майстрам спорту Беларусі міжнароднага класа. Займаецца ён не толькі спортам: вучыцца на завочным аддзяленні ў Белдзяржуніверсітэце.

Лепшыя страты яшчэ наперадзе

Малады плывец ужо праводзіў у родным Бабруйску спаборніцтвы сярод юных спартсменаў на свае прызы. Займаецца плаваннем і малодшы брат Бокія, у якім трэнеры таксама бачаць перспектыву. Ігару таксама "свецяць" новыя вяршыні: звычайна плыўцы цалкам "раскрываюцца" толькі да 26 гадоў, то бок на наступных Паралімпійскіх гульнях дзякуючы аднаму яму Беларусь можа патрапіць у верхнія радкі медальнага заліку.

Сустракаць Бокія ўлады Бабруйска абяцалі гучна — яго без перабольшання ў родным горадзе называюць героем. Sputnik таксама далучаецца да віншаванняў Ігара Бокія з заслужаным поспехам!

Тэмы:
Герой Паралімпіяды-2016 – Ігар Бокій (5)
Тэги:
Плаванне, Паралімпійскія гульні-2016, Ігар Бокій, Беларусь

Галоўныя тэмы