11:19 17 снежня 2017
«Радыё Sputnik»
Камяніца-2016

Фестываль "Камяніца-2016" прайшоў пад Мінскам

© Фото: Юлія Хвошч
Пляцоўка
Атрымаць кароткую спасылку
376130

Падчас найбуйнейшага беларускага фолк-фестываля гурт "Троіца" парадаваў прыхільнікаў прэм’ерамі, а расійская спявачка Іна Жаланая выказала падзяку беларускім паралімпійцам.

Юлія Хвошч, Sputnik.

Найбуйнейшы беларускі фолк-фестываль у восьмы раз прайшоў у нацыянальным музеі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах 10 верасня.

Камяніца-2016: дзея на вялікай сцэне
© Фото: Юлія Хвошч
Камяніца-2016: дзея на малой сцэне

Галоўнае адрозненне фестываля "Камяніца" ад іншых беларускіх оупэн-эйраў, канешне, у яго аўтэнтычнасці, натуральным, непадробным нацыяальным каларыце, а яшчэ ў душэўнасці. Прыемна было назіраць вялікую колькасць людзей самага рознага ўзросту ў нацыянальных беларускіх строях, і, падаецца, іх было шмат не толькі праз тое, што ўваход на фестываль для людзей у нацыянальным убранні быў вольны. На "Камяніцу" з'ехаліся тыя, хто лічыць сябе сапраўднымі беларусамі. 

На фэсце сабраліся ўсе, хто лічыць сябе сапраўднымі беларусамі
© Фото: Юлія Хвошч
На фэсце сабраліся ўсе, хто лічыць сябе сапраўднымі беларусамі

Можна сказаць, што "Камяніца" — гэта лепшае месца для турыста, які ўпершыню трапіў у нашу краіну. Таму што толькі тут цягам аднаго дня можна даведацца як жылі продкі сучасных беларусаў, узяць удзел у старадаўніх гульнях і танцах, пазнаёміцца з лепшай беларускай музыкай, на свае вочы пабачыць, як ладзіліся старадаўнія абрады.

Вяселле ў беларускай вёсцы
© Фото: прадастаўлена арганізатарамі "Камяніца-2016"

Дарэчы, сёлета на "Камяніцы" справілі сапраўднае аўтэнтычнае беларускае вяселле для закаханай пары. 

З кожным годам фестываль развіваецца, яго наведвае ўсё большая колькасць людзей, шмат з іх прыходзяць з маленькімі дзецьмі. Сёлета на фестывалі працавалі адразу дзве сцэны: на галоўнай выступалі знакамітыя фолк і фолк-рок гурты, на маленькай — калектывы народнай беларускай песні і музыкі, перадаючы эстафету адно аднаму.

Дарэчы, галоўная сцэна ўразіла сваімі маштабамі і, са слоў арганізатараў, яна з'яўляецца адной з найлепшых у Беларусі. Тое ж тычылася і тэхнічага аздаблення. І сапраўды — і гук, і святло былі на высокім мастацкім і тэхнічным узроўні.

На "Камяніцы-2016" выступілі найлепшыя фолкавыя калектывы Беларусі, Расіі і Украіны.

Алег Хаменка, вядоўца Камяніцы-2016
© Фото: Юлія Хвошч
Алег Хаменка, вядоўца "Камяніцы-2016"

Маладая таленавітая Паліна Рэспубліка, магчыма, і не вельмі ўпісвалася ў фолкавы кантэкст, але вядоўца мерапрыемства Алег Хаменка патлумачыў гасцям фестывалю, чым быў прадыктаваны такі выбар.

"Мы доўга думалі, які гурт запрасіць выступіць менавіта ў гэты час, гурт, які б мог стаць найбольш адметным і ад якога можна было б працягнуць мысленне, мысленне ўжо сёняшнега фальклору, мы гаворым аб тым, што этна-фальклорны фестываль — гэта не толькі адлюстраванне нашай спадчыны, гэта безумоўны шлях наперад. Таму сёння ствараецца сапраўды той фальклор, які стане, напэўна, самым яскравым і самым важным для нашых нашчадкаў, гэтак жа, як было і сто, і дзвесці гадоў таму — стваралі людзі песні, якія ствараліся для сябе, але цяпер мы ўспрымаем іх, як сапраўдную культуру беларусаў. І вось хто стварае культуру сёння? Якія гурты? Яны можа быць не зусім у тых традыцыйных старадаўніх адзеннях, але менавіта яны робяць нашую беларускую культуру адметнай", — растлумачыў вядоўца.

Майстры на фестывалі
© Фото: Юлія Хвошч
Майстры на фестывалі

Пасля завяршэння выступлення да Паліны Рэспублікі пабеглі за аўтографам нават самыя маленькія — дзяўчынкі сямігадовага ўзросту, а тым часам на сцэну выходзіў беларускі гурт, слава пра які ўжо даўно грыміць па ўсім свеце.

Этна-трыа "Троіца" толькі што вярнулася з гастроляў у Англіі і парадавала беларускіх прыхільнікаў некалькімі прэм'ерамі, якія ўжо былі прэзентаваны еўрапейскаму слухачу.

У размове з карэспандэнтам Sputnik лідэр "Троіцы" Іван Кірчук пажадаў фестывалю далейшага росквіту, але параіў больш вучыцца арганізацыі ў еўрапейскіх фестываляў.

Лідэр этна-трыа Троіца Іван Кірчук
© Фото: Юлія Хвошч
Лідэр этна-трыа "Троіца" Іван Кірчук

"У нас да фестываля толькі адна прэтэнзія. Мы былі заяўлены як хэдлайнеры, то бок павінны былі закрываць фестываль, і так думалі нашыя сябры, якія прыедуць на нашае выступленне ўвечары. А так сталася, што мы выступаем днём. У іх няма дакладнага раскладу выступлення гуртоў. У адрозненні ад еўрапейскіх фестываляў, якія ўжо за месяц да мерапрыемства выкладаюць праграму ў інтэрнэт, каб людзі ведалі, куды і калі ехаць. Нам давялося змяніць праграму выступлення, таму што ўвечары зусім іншае святло, тэатральнае, іншая атмасфера", — распавёў Кірчук.

Адной з самых чаканых падзей фестывалю стала выступленне расійскай спявачкі сусветнага ўзроўню Іны Жаланай, якая наведала Беларусь упершыню. Са сцэны артыстка выказала словы падзякі беларускім спартсменам, якія ўзнялі расійскі сцяг у знак салідарнасці на паралімпіядзе ў Рыа.

Выступаюць госці Камяніцы
© Фото: Юлія Хвошч
Выступленне Іны Жаланай на "Камяніцы-2016"

Таксама на галоўнай сцэне ў той вечар выступілі Re1ikt, украінцы "Татура", этна-трансавы расійскі калектыў "Оле-Лукое" і іншыя.

На фестывалі было і шмат аўтэнтычных забаў — і малыя, і дарослыя кідаліся сенам і змагаліся надзіманай зброяй, каталіся на конях. Цікаўныя бралі ўдзел у майстар-класах, вывучалі старадаўнія танцы, вадзілі карагоды.

У імправізаваным горадзе майстроў можна было падзівіцца на вырабы рамеснікаў, паспрабаваць сапраўднага мёду і пачуць незвычайныя музычныя інструменты.

Былі і такія слухачы на Камяніцы
Былі і такія слухачы на "Камяніцы"

Характрэрна, што п'яных на фестывалі амаль не было.

Такім чынам некалькі тысяч беларусаў стварылі сабе сапраўднае свята і аб'ядналіся адзінай ідэяй і адзінай мэтай: "Не забываць карані свае, каб не ўмерлі".

Камяніца-2016 пакінула незабыўныя ўражанні
© Фото: Юлія Хвошч
"Камяніца-2016" пакінула незабыўныя ўражанні

Выручаныя ад продажу квіткоў грошы пойдуць на рахунак музея народнай архітэктуры і побыту.

Тэги:
Фестываль, Фолк-фэст "Камяніца", Алег Хаменка, Іван Кірчук, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы