20:29 22 кастрычніка 2017
«Радыё Sputnik»
Гурт Irdorath неўзабаве прэзентуе новы альбом Wild

Irdorath выступілі на фестывалі Wacken open air у Германіі

© Фото: Irdorath
Пляцоўка
Атрымаць кароткую спасылку
Беларуская музыка: ад панку да пост-барду (20)
16520

Сярод іншых удзельнікаў фестывалю – Marilyn Manson, Apocalyptica, Alice Cooper.

Беларускі гурт Irdorath выступіў на найбуйнешым у свеце фестывалі цяжкай музыкі Wacken 2 жніўня, Sputnik пагутарыў з заснавальнікам гурта Уладзімірам Ірдаратам, даведаўся пра яго ўражанні ад фестывалю і распытаў пра прэзентацыю трэццяга альбому "Wild", якая адбудзецца ўжо 1 верасня.

Уражанні гурта ад фестывалю Wacken open air

— Як вы патрапілі на фестываль — выпадкова ці імкнуліся туды мэтанакіравана?

— Бадай, распачну з таго, што мы ўжо некалькі гадоў арыентуемся на еўрапейскі рынак з нашай музыкай, ну і, адпаведна, штогод мы адсылаем больш за 300 заявак на розныя фестывалі.

Летась мы трапілі на нямецкі лэйбл і выпусцілі там свой альбом "Dream Catcher", што стала стартавай кропкай, пасля якой пайшла хваля цікавасці да нашай творчасці у Германіі. І на нас выйшла нямецкае агенцтва па арганізацыі канцэртаў для музычных гуртоў. Мы пачалі супрацоўнічаць і праз гэтае агенцтва трапілі на Wacken open air.

Выступленне гурта Irdorath на фестывалі ў Германіі
Выступленне гурта Irdorath на фестывалі ў Германіі

Праз простыя заяўкі і лісты па розным мейлам, якія ёсць у інтэрнэце, туды трапіць немагчыма. Ёсць два шляхі: альбо вам патэлефануюць, альбо трэба граць метал і ўдзельнічаць у адборачным конкурсе ад кожнай краіны…

— Беларусы, канешне, у гэтым конкурсе не ўдзельнічаюць…

— Так, для беларусаў такі конкурс, нажаль, не праводзіцца, але і мы не метал граем. Таму намі конкурс наогул не разглядаўся. Нас туды запрасілі і выдзелілі вельмі добры час — мы выступалі з 21:30 вечара, выступленне цягнулася 45 хвілін.

Гэта быў самы маштабны і ўражлівы фестываль за ўсю нашу гісторыю, мы былі вельмі здзіўлены і арганізацыяй, і колькасцю людзей. У той дзень, калі мы выступалі, яшчэ быў самы пачатак фестывалю, але і тады ўжо было больш за 30 тыс. чалавек зарэгістравана па квітках. На нашым канцэрце было (па грубым падліках) крыху больш за 6 тысяч чалавек.

Irdorath выступілі на найбуйнейшым фестывалі цяжкай музыкі 2 жніўня
Irdorath выступілі на найбуйнейшым фестывалі цяжкай музыкі 2 жніўня

— Ну, а публіка як прымала ў параўнанні з нашымі беларусамі?

— Публіка практычна ўсюды рэагуе аднолькава добра, таму што калі артысты робяць тое, што публіцы падабаецца, яны будуць рэагаваць добра. Калі тое, што не падабаецца, яны будуць проста сыходзіць. З нашага канцэрту ніхто не сышоў, і дзякуй богу. Як і ў Беларусі, і ў Расіі, і ва Украіне, і ў іншых еўрапейскіх краінах, дзе мы выступалі. Я вельмі рады кожны раз бачыць гэтых людзей.

— У сацсетках вы хвалілі арганізацыю фестывалю. Ён насамрэч быў так добра арганізаваны?

— У арганізацыі фестывалю было задзейнічана больш за 5000 тысяч чалавек. І гэты фестываль працуе як гадзіны — ні адзінай затрымкі, ні адзінага сучка і задзірынкі. Усё арганізавана на касмічным узроўні.

Гэты фэст прайшоў ужо 28-ы раз, і ён стаў сапраўды культавым, таму што арганізацыя яго не тое што на вышыні — гэта сапраўдны космас. Такога я нідзе яшчэ не бачыў. І добра было б беларускім і расійскім арганізатарам з'ездзіць туды і паглядзець, як гэта ўсё працуе, таму што досведу можна запазычыць вышэй даху.

Пра новы альбом "Wild"

— Як будзе праходзіць прэзентацыя новага альбому?

— Ужо ў кастрычніку гэтага году мы прэзентуем у Германіі новы альбом. Такім чынам, у нас атрымаецца дзве прэзентацыі: у Мінску ў клубе Re: Public 1-га верасня для прыхільнікаў з краін СНД і ў Германіі ў кастрычніку для нямецкай публікі, паколькі альбом мы выпускаем на нямецкім лэйбле. Прэзентацыя адбудзецца на адным з найбуйнейшых гатычных фестываляў Германіі, а паміж мінскай і нямецкай прэзентацыямі мы плануем тур па гарадах Расіі.

— Новы альбом — які ён? Чым будзе адрознівацца ад папярэдніх?

— Можна казаць пра тое, што ўсе сем гадоў існавання гурта мы спрабавалі розныя стылі (працавалі ў адным жанры, але ў розных стылістычных межах), эксперыментавалі, а гэтым разам прыйшлі да высновы, што межы нам толькі перашкаджаюць, стрымліваюць нас. Гэтым разам мы ад іх адмовіліся і зрабілі насамрэч тое, што мы хацелі б зрабіць усе гэтыя сем гадоў.

У гэтым альбоме кожны ўдзельнік гурта ўклаў тую частку дзікага сябе, якую не бачыць асяроддзе, не бачыць звычайны свет, і ўсё гэта ў нас прыпраўлена містыкай беларускіх балот, беларускіх гушчароў.

— Дзе вы пісалі альбом?

— Мы пісалі альбом у Мінску, цалкам сваімі сіламі. Гэтым разам мы не звярталіся да паслуг платнай студыі, а знайшлі варыянт, як гэта зрабіць цалкам сваімі намаганнямі. Антон Шніп — наш бубнач — цалкам запісваў усё, рабіў звядзенне, майстарынг і выступіў у якасці саўнд-прадзюсара для гэтай плыткі.

Прэзентацыя альбому "Wild" гурта Irdorath адбудзецца 1 верасня ў мінскім клубе Re: Pulic; пачатак а 19-й гадзіне; кошт квіткоў — ад 15 да 25 рублёў. 

Тэмы:
Беларуская музыка: ад панку да пост-барду (20)
Тэги:
Фестываль, Irdorath, Apocalyptica, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы