Куратар карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка Аляксандр Зіменка спецыяльна для карэспандэнта Sputnik правёў экскурсію па самых цікавых экспанатах выставы.
Паводле яго слоў, праца Савелія Сорына "Партрэт княгіні Абаленскай" цікавая не толькі тым, што яна адзіная ў калекцыі банка, але і тым, што сама княгіня яшчэ жывая.
"Мы спадзяемся запрасіць яе з Лондана да нас на выставу, каб даведацца яе меркаванне пра карціну", — адзначыў мастацтвазнаўца.
На выставе таксама прадстаўлены адзіныя ў сваім родзе чатыры палотны пэндзля непараўнальнага Марка Шагала. Аляксандр Зіменка распавёў, што больш жывапісных работ майстра з Віцебска ў Беларусі няма.
"Тут прадстаўленыя як раннія працы — "Лунацік", так і сталыя, як "Закаханыя". Гэтыя работы будуць актыўна выкарыстоўвацца пры арганізацыі выстаў і ўжо ёсць запыты на экспанаванне", — адзначыў куратар калекцыі.
Праца сусветнавядомага скульптара Восіпа Цадкіна "Палукс" была набыта на аўкцыёне Christie's у Нью-Ёрку. У 2017 годзе плануецца ўсталяваць у Мінску яшчэ адну працу майстра, набытую на ньюёркскім аўкцыёне, "Носьбіт дарункаў", такая ж скульптура ўстаноўлена ў Парыжы.
"У Віцебск мы вяртаем скульптурную кампазіцыю пад назвай "Вяртанне блуднага сына", што вельмі сімвалічна, бо яна вернецца на радзіму свайго аўтара. Гэта будуць першыя дзве працы Восіпа Цадкіна, якія будуць знаходзіцца ў гарадскім асяроддзі ў Беларусі", — падкрэсліў Аляксандр Зіменка.
Цікавае месца прама насупраць свайго настаўніка Марка Шагала на выставе заняў Яўсей Маісеенка са сваёй працай "Нарцыс". Па свайму пакліканню ён быў мастаком, які аддаваў перавагу батальным сцэнам. Нацюрморт ён намаляваў і падараваў сям'і, з якой мастак сябраваў, калі жыў у Санкт-Пецярбургу.
Па словах мастацтвазнаўцы, набыццё такой працы стала рэдкай удачай і выдатным папаўненнем карпаратыўнай калекцыі.