14:14 20 лістапада 2018
«Радыё Sputnik»
  • USD2.10
  • EUR2.41
  • 100 RUB3.20
© Sputnik

Супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Мікіта Моніч і Юры Лытко распавялі радыё Sputnik Беларусь пра тое, што чакае гасцей музея падчас традыцыйнай акцыі "Вераснёвая ноч" у гэтыя выхадныя 8 і 9 верасня.

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў суботу і нядзелю 8 і 9 верасня ў рамках святкавання Дня Мінска пройдзе ўжо традыцыйная акцыя "Вераснёвая ноч". У гэтым годзе яна атрымала другую назву "Урокі авангарду" і будзе цалкам прысвечана вытокам і развіццю гэтага жанру мастацтва.

Некаторымі падрабязнасцямі цяперашняй акцыі ў студыі радыё Sputnik Беларусь падзяліліся навуковы супрацоўнік аддзела рускага і замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Мікіта Моніч і культарганізатар аддзела навукова-асветніцкай работы музея Юрый Лытко.

"Акцыя "Вераснёвая ноч" дае ў большай ступені, чым звыклая "Ноч музеяў", яна засяродзіцца на экспазіцыі. Калі мы кажам "авангард", то мы маем на ўвазе пачатак ХХ стагоддзя і трошачкі канец ХІХ. Мы не мяняем экспазіцыю цалкам, і авангард — гэта вельмі шырокае паняцце. Мы паспрабуем паднесці наведвальнікам нейкія пункты, звязаныя калі не з першай паловай ХХ стагоддзя, то з яго сярэдзінай", — кажа Лытко.

"Вераснёвая ноч" пройдзе на ўсёй тэрыторыі музея. Акрамя экспазіцыі жывапісу, наведвальнікаў чакаюць аўтарскія экскурсіі, музычныя перформансы, лекцыі, прэм'еры арт-праектаў. Адной з цэнтральных падзей акцыі стане выстава Ізраіля Басава, якая праходзіць у музеі і прымеркаваная да яго стогадовага юбілею.

"З пункту гледжання тактыкі вядзення вайны, авангард — гэта невялікая група, якой можна ахвяраваць. Калі мы кажам пра "Урокі авангарду", мы маем на ўвазе элемент уцягнення: ідзі да нас, у нас ёсць пячэнькі. Прычым не проста пячэнькі, у нас ёсць вельмі шмат з таго, што недаступна абсалютнай большасці беларускага грамадства сёння. Не таму, што яно не можа прыйсці — няма матывацыі. Мы ж даём матывацыю: прыходзьце, улейцеся ў шэрагі, будзьце з тымі, хто на крок наперадзе", — лічыць Моніч.

Акцыя "Вераснёвая ноч" пройдзе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў суботу 8 і ў нядзелю 9 верасня. Калі ў суботу будзе насычаная перфомансамі і акцыямі праграма, якая будзе доўжыцца з 13:00 да 22:00, то ў нядзелю асноўная ўвага будзе нададзена дзецям. У кошт нядзельнага білета нават будзе ўваходзіць порцыя гарачага шакаладу.

Гутарку з Мікітам Монічам і Юрыем Лытко ў студыі радыё Sputnik Беларусь глядзіце на відэа.

Тэги:
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Мікіта Моніч, Мінск, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Яшчэ відэа

Галоўныя тэмы