Нават COVID можа стаць падставай ззяць ярчэй. Верагодна, гэтым прынцыпам кіраваўся турэцкі майстар, які вырабіў маскі з золата і срэбра.
Ён запэўнівае – дыхаецца ў такой масцы камфортна. З унутранага боку яна абабіта шоўкам. Важыць такая маска ўсяго 25 грамаў, а вось кошт уразіць мацней. За сярэбраную маску папросяць больш за 190 еўра, а за залатую – больш за дзве тысячы!
Не бярэмся судзіць, наколькі маска абараняе ад каронавіруса. Але ад зацікаўленых поглядаў наўрад ці абароніць!
А студэнты аднаго японскага універсітэта так любілі анімэ, што распрацавалі маску, якая ператварае ваш твар у анімэшны аватар. Выраз твару змяняецца ў рэжыме рэальнага часу. Калі вы ўсміхаецеся, ваш анімэшны твар на масцы таксама будзе ўсміхацца. Яе можна ўжыць не толькі для забавы. Напрыклад, каб дзіця не баялася ўрача ў медыцынскай масцы, можна прапанаваць доктару "анімэ-твар". Магчыма, дзіця перастане плакаць, калі ўбачыць, што яго збіраецца лячыць любімы персанаж.
А італьянскі мадэльер паспрабавала зрабіць так, каб мы не адчувалі пераменаў у свеце. Яна распрацавала трэнч з празрыстым процівірусным капюшонам-казырком. І вуаля – можна зноў чытаць па вуснах, як у старыя добрыя часы!
Сам плашч выраблены з трох слаёў тканіны, якія закліканы абараніць ад вірусных часціц. Апранаем плашч, адчуваем сябе ў бяспецы і ўяўляем, што пандэмія нас зусім не змяніла.
Глядзіце таксама:
- COVID абдымкам не перашкода! У доме састарэлых з'явіўся пакой для сустрэч - відэа
- З-за ізаляцыі мішкі Тэддзі "захапілі" італьянскі бар - відэа
- Бізнес на траве: як зарабляць падчас пандэміі - відэа