01:12 15 мая 2021
«Радыё Sputnik»
  • USD2.53
  • EUR3.06
  • 100 RUB3.41

Праз 35 гадоў пасля выбуху на рэактары вакол Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі да гэтага часу - зона адчужэння. Ці ёсць жыццё на цалкам адселенай тэрыторыі - глядзіце відэа Sputnik, знятае да гадавіны найбуйнейшай аварыі ў гісторыі сусветнай атамнай энергетыцы.

Выбух на 4-ым энергаблоку атамнай станцыі ў Чарнобылі адбыўся 26 красавіка 1986 года. У атмасферу трапілі тоны радыёактыўнага пылу. Пажар пасля выбуху бушаваў на станцыі яшчэ 10 дзён. Увесь гэты час у навакольнае асяроддзе таксама траплялі небяспечныя элементы.

Раёны каля АЭС эвакуіравалі ў пачатку траўня таго ж года. Вакол станцыі ўсталявалі 30-кіламетровую зону адчужэння. Так беларусам за мінулае стагоддзе прыйшлося хаваць свае вёскі двойчы. Спачатку ў вайну, калі акупанты спалілі амаль 10 тысяч населеных пунктаў, а потым і ў 86-м - калі сотню вёсак накрыла атрутнае радыёактыўнае воблака.

Замест квітнеючага краю на поўдні Беларусі ўтварылася мёртвая тэрыторыя, якую ў 88-м ператварылі ў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Яго плошча складае больш за 200 тысяч гектараў. Тэрыторыя падзелена на эксперыментальную і тую самую, запаведную, дзе забаронена якая-небудзь дзейнасць чалавека.

Тут сканцэнтравана каля траціны радыеактыўнага цэзію, які выпаў на тэрыторыю Беларусі, больш за 70% стронцыю і амаль 100% плутонію. Але самы каварны і небяспечны вораг - амерыцый, з кожным годам яго актыўнасць толькі ўзрастае.

Як распавёў Sputnik загадчык радыеэкалагічнага маніторынгу запаведніка Юрый Марчанка, канцэнтрацыя амерыцыя будзе расці ў адчужанай зоне да 2059 года. І гэты элемент яшчэ доўга будзе даваць дозавую нагрузку.

"Ён з'яўляецца наймацнейшым канцэрагенам, альфа-выпраменьвальнікам, таму для чалавека ён уяўляе велізарную небяспеку", - адзначыў суразмоўца.

Таму ў супрацоўнікаў запаведніка толькі адзін варыянт - навучыцца з радыяцыяй жыць. Трэцюю частку тэрыторыі, найменш заражаную, сталі патроху асвойваць: нарыхтоўваюць драўніну, разводзяць свіней, коней, ёсць і пчальнік.

А ў запаведных лясах за 35 гадоў без чалавека распладзіліся ваўкі, казулі і зубры. Кажуць, прыйшоў і мядзведзь.

"Мядзведзь больш паўночныя раёны любіць, у пачатку мы бачылі сляды яго, а потым сустрэліся з ім. Варта адзначыць, што на тэрыторыю запаведніка была ў 1996 годзе завезена папуляцыя зуброў. І сёння іх ужо 186 асобін. З 2007 года ў нас з'явілася коні Пржэвальскага. І ў іх тут добрая кармавая база", - распавядае Юрый Марчанка.

Наогул радыяцыя спарадзіла мноства недарэчных здагадак. Маўляў, на заражаных тэрыторыях вакол станцыі насяляюць двухгаловыя ваўкі, а ў вадаёмах плаваюць жудаснага выгляду рыбы метровага памеру, а вожыкі зусім аблыселі - ці то ад апраменьвання, ці то ад геннай мутацыі. І гэта самыя бяскрыўдныя чуткі, якія не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю.

Каб неяк развеяць падобнага роду міфы, з 2018 года ў Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік пачалі вадзіць экскурсіі. І людзі паехалі.

Тэрыторыя адчужэння прыцягвае турыстаў не горш, чым які-небудзь люксавы курорт. Толькі ў 2019 годзе запаведнік прыняў каля тысячы гасцей з 30 краін. У 2020-м планы турыстаў разбурыла пандэмія. Але ў гэтым годзе тут спадзяюцца на аднаўленне турпаездак. Як-ніяк, для дзяржустановы гэта хоць нейкі дадатковы прыбытак.

Чытайце таксама:

Тэги:
аварыя, Чарнобыльская АЭС, рэактар, Выбух, ЧАЭС, зона адчужэння

Яшчэ відэа

Галоўныя тэмы