Жораў – з цяплом, а гаспадар – з "камом", або Сустракаем Саракі на кухні і ў полі

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКамы з цыбуляй ды агуркамі
Камы з цыбуляй ды агуркамі - Sputnik Беларусь, 1920, 22.03.2024
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліцца сакрэтамі, адкуль па некаторых вераваннях продкаў на свеце з’явіўся жаваранак, навошта спечанага веснавога вестуна кідаюць у печ і як дбайнаму гаспадару з дапамогай смачных камоў і мазёхі прывабіць шчасце й дабрабыт.
З пачаткам вясны ў сэрцы пасяляецца радасць, бо наперадзе доўгачаканае лета. Калісьці ў народзе верылі, што яго на сваіх крылах прыносіць жаваранак!
Як вястун вясны жаваранак узгадваецца ў казках, вяснянках, аб ім складаюць вершы, загадкі і выпякаюць асаблівае абрадавае печыва у яго форме. Спечаныя "жаваронкі" – сапраўднае ўпрыгажанне свята Саракі, якое святкуюць 22 сакавіка.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПечыва ў выглядзе жаваранка
Печыва ў выглядзе жаваранка - Sputnik Беларусь, 1920, 22.03.2024
Печыва ў выглядзе жаваранка

Саракі – час аднаўлення

Самыя вялікія падзеі тыдня – вясновае раўнадзенства, калі дзень становіцца роўным ночы, і свята прылёту птушак, Саракі, якія адзначаюцца амаль разам. Мабыць таму калісьці продкі казалі:
"На Сорак мучанікаў дзень з ноччу мераецца".
Раўнадзенства – чароўны час! Гэта перыяд, калі ў прыродзе ўсё аднаўляецца, абуджаецца ад сну, адраджаецца нанова. У аграрыяў прыбавілася клопатаў і дзе-нідзе ўжо актыўна рыхтуюцца да сяўбы.
© Sputnik / Виталий Тимкив / Перайсці ў медыябанкДзе-нідзе ўжо актыўна рыхтуюцца да сяўбы
Весенняя посевная - Sputnik Беларусь, 1920, 22.03.2024
Дзе-нідзе ўжо актыўна рыхтуюцца да сяўбы
Як і стагоддзі таму, хвалюе прагноз надвор’я, які цяпер няцяжка даведацца. Народная ж метэаралогія паступова забываецца і ўсё ж, каб даць працу для розуму, часам цікава пераканацца ў справядлівасці народных прагнозаў. Здаўна менавіта ў гэтыя дні ўважліва сачылі за надвор’ем. Так, лічылася, якое надвор’е было на Саракі, – такое застанецца і на 40 наступных дзён. Дарэчы, больш пільна назіралі за надвор’ем да 12 гадзін ды прыкмячалі: калі на двары пахмурна, то вясна будзе ранняя, калі ж сонца, то – наадварот.
А яшчэ якога надвор’я чакаць, падказваў сваімі паводзінамі вясенні спадарожнік земляроба – жаваранак. Аглядаючы нівы, сяляне заўважалі:
"Калі жаваранкі гуляюць, будзе добрае надвор’е, а калі яны сядзяць, надзьмуўшыся, гэта – да навальніцы".
У народзе верылі, што вясну прыносяць на сваіх крылах пералётныя птушкі, якія ў сакавіку вяртаюцца з поўдня.
© Sputnik / Альфред МикусВясну прыносяць на сваіх крылах пералётныя птушкі
Аист на крыше деревенского дома в Погосте - Sputnik Беларусь, 1920, 22.03.2024
Вясну прыносяць на сваіх крылах пералётныя птушкі
Прытым час вяртання пэўных птушак адпавядаў зменам надвор’я на кожным этапе вясны, што дапамагала правільна размяркоўваць палявыя работы. Так, у народзе прыкмячалі:
"Жаваранак прылятае на праталіну, шпак – на прагаліну",
а яшчэ
"Жораў – з цяплом, а ластаўка – з лістом".

"Жавароначкі прыляціце!"

Спяваючы вяснянкі, першым, каго дзяўчаты заклікалі прынесці вясну на сваіх крылцах, менавіта быў жаваранак. Гэтую маленькую шэрую птушачку любілі ўсе ад малых да старых, складаючы аб ёй вершы, лічылкі ды загадкі.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПершым, каго дзяўчаты заклікалі прынесці вясну на сваіх крылцах, менавіта быў жаваранак
Гуканне вясны - Sputnik Беларусь, 1920, 22.03.2024
Першым, каго дзяўчаты заклікалі прынесці вясну на сваіх крылцах, менавіта быў жаваранак
Жаваранак заўсёды побач з земляробам, як у мінулыя часы, так і цяпер дапамагае яму сваімі чароўнымі спевамі ў нялёгкай працы ў полі. І хоць жаўрука і нябачна амаль, але чуваць здалёк. Здаецца, што яго вясёлая песня зусім не перапыняецца. Нездарма ў народзе пра нешта вельмі неабходнае, што хочацца і трэба абавязкова зрабіць, казалі:
"Трэба, як жаваранку паспяваць".
Спевы яго заўсёды вясёлыя – ці то ў небе злёгку пахмурна, ці то дыхае прымаразкам сонечны сакавіцкі ранак. Можа й таму пра чалавека з вясёлым характарам у вёсцы магчыма было пачуць:
"Вясёлы, як жаўранка".
© Sputnik / Альфрэд МікусТрэба, як жаваранку паспяваць
Гуканне вясны - Sputnik Беларусь, 1920, 22.03.2024
Трэба, як жаваранку паспяваць
Ёсць і вельмі даўняе паданне аб тым адкуль узяўся жаваранак, запісанае ад жыхаркі вёскі Варанілавічы, што ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці, Ніны Новік:

"Як Адам і Ева саграшылі, іх з раю Бог выгнаў. А тады што было есці? Бог ім даў зярна, каб яны пасеялі. Адам пасеяў, а Ева ўжэ дома была, дзяцей ражала. А ён жыта сеяў. А яму было скушно-скушно. На свеце адзін ён, адзін чалавек на свеце – Адам. А Бог так даў, каб ён узяў горстку зямлі, выкінуў ў горы, і сталі… жаваранкі. І вот стаў яму жаваранак, і яму стала весялей… Ён шчабятаў, шчабятаў над ім… І што дзе Адам ні рабіў, ён за ім усё лятаў во так павярху… Гэта першая пціца" (паводле выдання "Беларуская "народная біблія" ў сучасных запісах").

"Строім" святочны стол

Прылёт птушак продкі адзначалі смачна і прыгожа. Гаспадыні выпякалі адмысловае печыва з пшанічнай ці жытняй мукі ў выглядзе птушак. Пры гэтым аднаго з такіх "жаваронкаў" кідалі ў печ, магчыма як ахвяру хатняму агню, а астатніх раздавалі дзецям і старым.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяГаспадыні выпякалі адмысловае печыва з пшанічнай ці жытняй мукі ў выглядзе птушак
Рознакаляровае печыва - Sputnik Беларусь, 1920, 22.03.2024
Гаспадыні выпякалі адмысловае печыва з пшанічнай ці жытняй мукі ў выглядзе птушак
Дарэчы, даследчыкі традыцыйнай культуры беларусаў сцвярджаюць, што падобнае пячэнне ў выглядзе птушак выпякалі не паўсюдна. Іх часта замянялі звычайным печывам без зоамарфічных адзнак у выглядзе булачак і нават галушак, якім не надавалі асаблівага значэння і гатавалі, каб пацешыць дзяцей. Тым не менш, традыцыя сустракання вясны існавала практычна ва ўсіх мястэчках.
Моладзь збіралася разам, каб спяваць "вяснянкі". Дзяўчаты варажылі на замужжа – складалі печаных жаваранкаў у рэшата, рэшата кружылі і прыгаворвалі:
"Рэшата, рэшата, кружыся ка мне. Калі я замуж пайду, у мяне будзе многа дзетак, я буду багатая..."
© Sputnik / Альфред МикусДзяўчаты варажылі на замужжа
Гуканне вясны ў Вязынцы - Sputnik Беларусь, 1920, 22.03.2024
Дзяўчаты варажылі на замужжа
А яшчэ ўсім было вядома, што асабліва ў гэты дзень нікому нельга было жадаць злога.
Таксама ў Паазер’і у некаторых мясцовасцях існаваў добры звычай, калі на Саракі запрашалі ў госці суседзяў "на камы":
"Суседзі прыходзілі, а хазяін ужэ строіў стол... Хазяін кажа: "Спасіба што прышлі на нашы камы".
Для гаспадароў была вялікая радасць, калі хтосьці прыходзіў у гэты дзень, бо гэта была прыкмета на шчаслівую будучыню і дабрабыт.
Акрамя "камоў" да святочнага стала гаспадыні гатавалі і іншую разнастайную выпечку, а таксама галушкі.
© Sputnik / Альфрэд МікусНа Саракі запрашалі ў госці суседзяў "на камы"
Камы гатавалі з гарохавай мукі - Sputnik Беларусь, 1920, 22.03.2024
На Саракі запрашалі ў госці суседзяў "на камы"

Камы посныя

З чаго гатаваць:
1 кг бульбы,
3 цыбуліны,
100 мл алею,
соль (да смаку).
Як гатаваць. Абабраную бульбу зварыць у падсоленай вадзе, стаўчы. Падсмажыць на алеі дробна пасечаную цыбулю, перамяшаць яе з бульбай, пасаліць. З атрыманай масы сфармаваць камы і абсмажыць іх на алеі. Затым выкласці камы на бляху і падсушыць у духоўцы.
Падаваць з соусам "мазёха" і салёнымі агуркамі.
© Sputnik / Альфрэд МікусГосці на Саракі – прыкмета на шчаслівую будучыню і дабрабыт
На свята гатавалі камы - гарохавыя аладкі - Sputnik Беларусь, 1920, 22.03.2024
Госці на Саракі – прыкмета на шчаслівую будучыню і дабрабыт

Мазёха (клында)

Гэты смачны соус гатуюць у вёсцы Радуты Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці, а ў Капыльскім раёне Мінскай вобласці яго называюць клында.
З чаго гатаваць:
0,5 шк. насення лёну,
1 шк. бульбянага адвару.
Як гатаваць. Высыпаць насенне лёну на гарачую патэльню і прагрэць да таго часу, пакуль яно не пачне падскокваць. Сцерці насенне ў ступцы (змалоць на кавамолцы), прасеяць праз сіта і запарыць гарачым бульбяным адварам у глыбокай місачцы. Заліваць адварам льняную муку трэба паступова, увесь час добра вымешваючы, каб атрымалася аднародная маса, падобная да кісялю. Гэты кіселяпадобны соус і ёсць мазёха, якой паліваюць бульбяныя камы (ці проста гарачую бульбу) перад падачай да стала. Часта да гэтага соусу дадаюць салёны агурок.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБульба з мазёхай
Бульба з мазёхай - Sputnik Беларусь, 1920, 22.03.2024
Бульба з мазёхай

"Жаваронкі" з поснага цеста

З чаго гатаваць:
480 мл вады,
9 г сухіх дражджэй,
6 ст. л. цукру,
100 г алею,
640 г мукі,
10 г разынак,
соль (да смаку).
Як гатаваць. У 150 мл цёплай вады развесці 3 ч. л. цукру, дрожджы і пакінуць на 10-15 хв. да з’яўлення пены. У астатняй цёплай вадзе развесці соль і астатні цукар, уліць дрожджы, алей і добра перамяшаць. Пакрысе падсыпаць туды прасеяную муку, увесь час мяшаючы спачатку лыжкай, а пасля рукамі, пакуль цеста не пачне адставаць ад рук. Цеста павінна быць мяккім, не тугім.
Міску з цестам накрыць, паставіць у цёплае месца прыкладна на адну гадзіну ці крыху болей. Як толькі цеста паднялося, яго трэба акуратна абціснуць і падзяліць на роўныя часткі, зрабіць круглячкі, накрыць іх сурвэткай і пакінуць на 10 хв. З гэтай колькасці цеста павінна атрымацца прыкладна 25 "жаваронкаў"
© Sputnik / Альфрэд МікусГатуем "жаваронкаў"
Саракі - Sputnik Беларусь, 1920, 22.03.2024
Гатуем "жаваронкаў"
Потым з цеста раскачаць круглячкі каўбаскай у 20-25 см, закруціць вузлом і выляпіць птушачку з галоўкай і хвосцікам. Галоўку зрабіць з дзюбкай і вочкамі з кавалачкаў накрышаных разынак, хвост злёгку распляскаць і надрэзаць нажом.
Засцяліць бляху пергаментнай паперай, а калі такой няма, змазаць бляху алеем і няшчыльна выкласці "птушачак". Паставіць у цёплае месца і пакінуць на 10-20 хв.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяАбрадавае печыва на Саракі
Абрадавае печыва на Саракі - Sputnik Беларусь, 1920, 22.03.2024
Абрадавае печыва на Саракі
Перад выпечкай змазаць "жаваронкаў" салодкай вадой (алеем). Выпякаць у печы ці загадзя разагрэтай да 180 градусаў духоўцы 20-25 хв., пакуль яны падрумяняцца.
Смачна есці пад вясёлыя спевы жаваранка!
Чытайце таксама:
Маркоўная смакацеча, або Рэцэпты з "агароднай каралевай"
"Будзь ваша здаровы…", або Лекавая кулінарыя з буракоў і хрэну
"Без капусты жываты пусты!", або Старажытныя стравы з белакачаннай расліны
Стужка навiн
0