"Будзь ваша здаровы…", або Лекавая кулінарыя з буракоў і хрэну

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБоршч па старажытным рэцэпце
Боршч па старажытным рэцэпце - Sputnik Беларусь, 1920, 28.01.2024
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская нагадвае пра карысныя якасці вясковых раслін і прапануе ўзнавіць па старажытных рэцэптах смачныя бурачныя галубцы з хрэнам ды фаршыраваныя бурачкі.
За святкаваннямі Калядаў хутка праляцеў другі месяц зімы, і жыццё паціху настройваецца на будзённы лад. А яшчэ не так даўно былі чутны святочныя спевы калядоўшчыкаў:

"Будзь ваша здаровы,
Як рыжык баровы,
Май торбу грошай,
Жыві ў раскошы!
Усяго даволі,
А бяда ніколі!
"

Мінула і Вадохрышча, пасля якога лічылася, што маразы ўжо не будуць мець такой сілы. За снежнымі хмарамі назапашвае сілы сонца, бо да вясны яшчэ далёка. Пакуль жа – з неба сыпле снег, адлігі чаргуюцца з начнымі прымаразкамі ды часамі дзьмуць халодныя, пранізлівыя вятры.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЗіма ў садзе
Зіма ў садзе - Sputnik Беларусь, 1920, 27.01.2024
Зіма ў садзе
Калісьці на вёсцы, седзячы бліжэй да печы,старыя жартавалі:
"Холад не татка, пытаецца ці на галаве шапка".
Такім надвор’ем хочацца адкласці справы, быць у хаце, піць гарачую гарбату з назапашаных улетку духмяных зёлак ды ласавацца смачнымі зімовымі стравамі, нагатаванымі гаспадыняй.

Хуткая раслінная дапамога

У народзе здаўна было вядома, што зімовая кухня не толькі пажыўная, але і лекавая. Кожная гаспадыня ведала: калі сям’ю карміць правільна, выкарыстоўваючы найбольш карысныя для гэтага часу прадукты, то ўсе будуць здаровыя.
Каб хвароба не прычапілася, з садавіны, акрамя насушаных пладоў шыпшыны, рабіны, чорных парэчак і маліны, народныя лекаркі асабліва выдзялялі каліну, а таксама вішні, якія давалі хворым пры прастудах, анеміі, артрытах.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяДля прафілактыкі прастуднага захворвання народныя лекаркі асабліва выдзялялі каліну
Незвычайная каліна звычайная, або Сапраўдная беларуская кава - Sputnik Беларусь, 1920, 27.01.2024
Для прафілактыкі прастуднага захворвання народныя лекаркі асабліва выдзялялі каліну
З гародніны ж выдзялялі капусту, бульбу, моркву, буракі, гарбуз, рэпу і кабачкі. Цікава, што калі кагосьці з сямейнікаў замучыў насмарк, то гатавалі стравы менавіта з кабачкоў – яны лёгка засвойваюцца і паляпшаюць абменныя працэсы. А вось сок з вараных буракоў капалі ў нос нават дзецям. Ну і, вядома ж, у кожнай добрай гаспадыні заўсёды ў склепе былі прыпасы з чорнай рэдзькі, рэпы і хрэну.
Некаторыя рэцэпты, правераныя часам, могуць спадабацца і сёння. Асабліва гэта датычыцца ўсімі вядомых буракоў і хрэну.

Лячыцца можна смачна

Стомленаму чалавечаму арганізму вялікая карысць ад хрэну. Народная медыцына раіць ужываць яго вонкава – у выглядзе гарчычнікаў пры падагры і рэўматызме і ўнутр – як узмацняючы сродак пры разумовых і фізічных нагрузках, пры захворваннях печані, горла, зубным болі, як мачагонны, адхаркваючы сродак, для паляпшэння стрававання….
Каштоўнасць хрэну не толькі ў тым, што ў ім утрымваецца вялікая колькасць вітаміну С (а яго ў хрэне ў пяць разоў болей, чым у лімоне!). Свежы сок з каранёў расліны мае чароўны лізацым – рэчыва, якое здольна разбураць абалонкі бактэрыяльных клетак. Хрэнам і цяпер лечаць авітамінозы, а калісьці з-за сваёй даступнасці ён быў важным сродкам супраць цынгі.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЗ хрэнам усё смачней. А яшчэ ім і цяпер лечаць авітамінозы
З хрэнам усё смачней - Sputnik Беларусь, 1920, 27.01.2024
З хрэнам усё смачней. А яшчэ ім і цяпер лечаць авітамінозы
Да таго ж хрэн паляпшае апетыт, страту якога заўсёды лічылі сімптомам хваробы. Мабыць таму хрэн і дагэтуль шырока выкарыстоўваецца ў традыцыйнай кулінарыі ў якасці соусу да мясных і рыбных страў.
Гатуючы на вясковай кухні, продкі заўважалі, што хрэн цудоўна спалучаецца з не менш каштоўнымі для здароўя чалавека буракамі, якія, дарэчы, у гэтай сувязі ўзгадваў яшчэ Гіпакрат. Цяперашняя ж медыцынская навука сцвярджае, што гэтая даступная для кожнага беларуса гародніна спрыяе засвойванню бялкоў, робіць эластычнымі сасуды, паспяхова паніжае крывяны ціск, паляпшае тлушчавы абмен і папярэджвае ўзнікненне атэрасклерозу.
Бурачкі трэба есці алергікам, тым, хто пакутуе на хваробы страўніка і кішэчніка. Гэтая цудоўная расліна здольна вывесці з арганізму солі цяжкіх металаў, ртуці, свінцу, волава і шкоднага халестэрыну. Таксама лічыцца, што каштоўных біялагічных рэчываў больш у сырых бураках, але вараныя лепш засвойваюцца. Цікава, каб буракі пры варцы не страцілі свой прыгожы бурачны колер, іх апускаюць у гарачую падсалоджаную ваду (1/4 ч. л. цукру на 1 л вады) і вараць пад шчыльна закрытай крышкай.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБурачкі трэба есці алергікам і тым, хто пакутуе на хваробы страўніка
Спачатку буракі трэба пачысціць - Sputnik Беларусь, 1920, 27.01.2024
Бурачкі трэба есці алергікам і тым, хто пакутуе на хваробы страўніка

Таркаваныя буракі з хрэнам

З чаго гатаваць:
100 г бурака,
2 ст. л. соусу з хрэну,
30 г смятаны (15 г алею),
5 г зеляніны кропу (пятрушкі).
Як гатаваць. Зварыць бурак і натаркаваць, перамяшаць з прыгатаваным загадзя соусам з хрэну. Затым заправіць смятанай ці алеем.
Перад падачай на стол пасыпаць зелянінай.

Буракі з хрэнам і яйкам

З чаго гатаваць:
150 г бурака,
30 г соусу з хрэну,
1 ст. л. воцату,
3 ст. л. алею,
1 яйка,
соль (па смаку).
Як гатаваць. Зварыць бурак у падсоленай вадзе, астудзіць і нарэзаць саломкай. Злучыць бурак з хрэнам, заправіць воцатам, алеем, пасаліць.
Пакласці ў салатную талерку і пасыпаць сечаным яйкам.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБурачкі абабраныя
Бурачкі абабраныя - Sputnik Беларусь, 1920, 27.01.2024
Бурачкі абабраныя

Галубцы з буракамі і хрэнам

З чаго гатаваць:
60 г капусты,
60 г бурака,
20 г хрэну,
30 г смятаны,
5 г зеляніны кропу (пятрушкі),
соль (па смаку).
Як гатаваць. Капуснае лісце абдаць кіпенем, начыніць пасоленай сумессю старкаваных бурака і кораня хрэну, укласці ў каструлю і заліць смятанай, патушыць.
Пасыпаць сечанай зелянінай перад падачай на стол.

Салата з буракоў і пасолі

З чаго гатаваць:
150 г вараных буракоў,
1 салёны агурок,
1 шк. варанай пасолі,
3-4 ст. л. алею,
100 г зялёнай цыбулі,
соль (па смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСалата з буракоў са смятанай
Салата з буракоў і пасолі - Sputnik Беларусь, 1920, 27.01.2024
Салата з буракоў са смятанай
Як гатаваць. Буракі абабраць і нарэзаць дробнымі кубікамі, агурок і цыбулю дробна нарэзаць асобна. Буракі заправіць алеем, дадаць да іх агурок, цыбулю і пасолю, пасаліць і перамяшаць.

Бурачкі фаршыраваныя

З чаго гатаваць:
600 г вараных (печаных) буракоў,
300 г яблыкаў,
60 г рысу,
100 г разынак,
3 ст. л. вяршковага масла,
1 шк. смятаны,
1 ст. л. цукру,
1 яйка,
цынамон на канцы нажа,
соль (па смаку).
Як гатаваць. Буракі абабраць і лыжкай выдаліць сярэдзіну так, каб атрымаўся кубачак, яблыкі дробна пасячы. З рысу зварыць рассыпістую кашу, перамяшаць яе з цукрам, разынкамі і яблыкамі, дадаць растопленае масла і цынамон (карыцу), пасаліць. Усё перамяшаць, нафаршыраваць буракі, выкласці іх у форму, паліць смятанай і пячы 20-30 хв. у загадзя разагрэтай да 150 градусаў печы (духоўцы).
Падаць са смятанай.
Смачна есці і не хварэць!
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБоршч вясковы
Боршч вясковы - Sputnik Беларусь, 1920, 27.01.2024
Боршч вясковы
Чытайце таксама:
Зімовая "апраніха" з Варварынага куфра, або Посцім смачна з бульбянымі варэнікамі
"Насцей чакае гасцей…", або Авечая доля на вясковым стале
"Без капусты жываты пусты!", або Старажытныя стравы з белакачаннай расліны
Стужка навiн
0