МІНСК, 13 мая — Sputnik. Каб ушанаваць памяць сусветна вядомага беларускага мастака 12 мая каля дому музея Ваньковічаў у гістарычным цэнтры Мінска сабраліся знатакі і аматары мастацтва, вядомыя дзеячы беларускай грамадскасці, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу.
Падчас урачыстай цэрымоніі былі ўскладзены кветкі да помінка Ваньковіча, прэзентавана кніга, "Серабрыстыя таполі", прысвечаная творчасці і жыццю мастака, адбыўся ўрачысты канцэрт бярэзінскай школы мастацтваў.
"Сёння мы сабраліся ў самым цэнтры гістарычнага Мінска ля помніка знакамітаму беларускаму мастаку, рамантыку і містыку, Валенцію Ваньковічу, каб ушанаваць яго памяць і ўзгадаць яго яскравае жыццё. Постаць і творчая асоба Валенція Ваньковіча будзе яшчэ натхняць не адно пакаленне беларускіх мастакоў", — такімі словамі адкрылі мерапрыемства арганізатары.
Паміж гэтымі двума датамі — 12 мая 1800 года і 12 мая 1842-га — яскравае багатае жыцце, насычанае творчасцю, эмоцыямі, памкненнямі, пачуццямі, якія сілкаваліся тагачаснымі сітуацыямі: напалеонаўскімі войнамі, рэвалюцыяй — эпоха рамантызма, адным словам.
Нарадзіўся Валенцій Ваньковіч у вёсцы Калюжыцы Ігуменскага павету Мінскай губерніі (зараз Бярэзінскі раён), дзе пражыў першыя 10 гадоў свайго жыцця, потым пераехаў у Мінск у Малую Сляпянку, а апошнія гады жыцця правёў у Парыжы.
Свой тален мастак загартоўваў у Полацку, навучаўся ў Віленскім і Піцерскім універсітэтах. Ён прысвяціў своё жыццё жывапісу, асабліва шмат працаваў у жанры партрэта. Менавіта дзякуючы Валенцію Ваньковічу беларусам засталіся ў спадчыну постаці, выявы яго слынных суайчыннікаў, ну а знакаміты партрэт Адама Міцкевіча на Аюдаге наогул стаў хрыстаматыйным.
З імем Валенція Ваньковіча звязана шэраг містычных падзей. Нарадзіўся ён 12 мая 1800 года і, пражыўшы 42 гады, памёр. Таксама 12 мая далёка ад радзімы, у Парыжы, на руках свайго сябра Адама Міцкевіча.
Містыцызм не толькі ў датах нараджэння, ён суправаджаў усё жыццё мастака. Аб гэтым гаворыцца ў рамане-эсэ "Серабрыстыя таполі", які на мерапрыемстве прэзентаваў аўтар кнігі, пісьменнік Яўген Хвалей.
"На радзіме Ваньковіча засталося стаяць на стагоддзі незвычайнае дрэва — серабрыстая таполя, прывезеная з Францыі і пасаджаная Валенціем у знак яго дня нараджэння. Не цяжка зноў паверыць у містыку: мастак паехаў у Парыж, каб хутка памерці там, французская таполя паехала на яго радзіму, каб доўга жыць", — распавёў пісьменнік.
Сёння ў музее Ваньковічаў у Мінску знаходзяцца толькі жывапісныя копіі работ мастака. Арыгіналы ж знаходзяцца ў музеях па ўсім свеце — у Францыі, Маскве, Варшаве, прыватных калекцыях у ЗША але кіраўніцтва музея спадзяецца, што ў супрацоўніцтве з іншымі музейнымі інстытуцыямі ў хуткім часе некаторыя арыгінальныя работы мастака змогуць прывезці ў Мінск, і жыхары горада і госці сталіцы змогуць іх пабачыць.
На мерапрыемстве прысутнічалі дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, аўтар помніка, знакаміты беларускі скульптар Уладзімір Слабодчыкаў, старшыня саюза мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца, дырэктар Польскага інстытуту ў Мінску Уршуля Дарашэўская.
Дарашэўская сардэчна павіншавала ўсіх з днём нараджэння знакамітага беларускага мастака, падзякавала арганізатараў за скорую арганізацыю мерапрыемства і пажадала поспехаў у справе захавання памяці Валенція Ваньковіча. Яна адзначыла, што ў Польшчы Валенція Ваньковіча перш за ўсё яго ведаюць па яго партрэтах Адама Міцкевіча, арыгіналы якіх зараз знаходзяцца ў Нацыянальным польскім музее ў Варшаве.
У 2000 годзе музей Ваньковічаў у Мінску быў адноўлены, рупліва адрэстаравана сядзіба. Сёння музей змяшчае цікавую экспазіцыя і вельмі шмат цікавых рэчаў, якія распавядаюць пра моладзь шляхты першай паловы XIX стагоддзя.
"Постаць Ваньковіча будзе натхняць не толькі пакаленне беларускіх мастакоў, але і наогул пакаленне беларусаў, таму што мы як нацыя мусім ганарыцца, што ў нас былі такія славутыя імёны як Валенцій Ваньковіч. Якія сваей прысутнасцю ў гэтым месцы асвяцілі яго на векі вечныя. Мы павінны смуткаваць, што ў нашым музее, нажаль, няма арыгіналаў Ваньковіча, але мы мусім ганарыцца, што яны ёсць у Варшаве і іншых музеях, і гэта толькі ўзвышае постаць Ваньковіча і дае нам падставу для радасці і для гонару", — сказаў на ўрачыстым мерапрыемстве старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца.
Аўтар помніка Уладзімір Слабодчыкаў распавёў пра гісторыю стварэння помніка, які здолелі ўсталяваць не адразу. І выказаў думку, што складанасці і перашкоды, якія выпалі на долю Валенція Ваньковіча перадаліся і помніку і цягнуліся амаль ўвесь час стварэння гэтага помніку. Спачатку замест сучаснага помніка планаваўся бюст, потым вырашылі зрабіць мастака ў поўны рост.
Скульптар называе свой твор "Раніца мастака", быццам Валенцій Ваньковіч толькі зрабіў апошні ўзмах пэндзлем і адпачывае.
Напрыканцы ўрачыстай частцы мерапрыемства кіраўніцтва музея запрасіла ўсіх жадаючых наведаць сустрэчу- свята, прысвечаную да юбілея мастака, якая адбудзецца на яго радзіме ў вёсцы Калюжыцы 15 мая. Кожны жадаючы зможа абняць "серабрыстую таполю" Ваньковіча.