“Жывіце вечна, “Серабрыстыя таполі”

© Sputnik / Віктар ТалочкаПісьменнік Яўген Хвалей прэзентуе кнігу "Серабрыстыя таполі"
Пісьменнік Яўген Хвалей прэзентуе кнігу Серабрыстыя таполі - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Пісьменнік Яўген Хвалей распавёў пра сваю кнігу “Серабрыстыя таполі”, прысвечаную да 215-годдзя са дня нараджэння мастака Валенція Ваньковіча.

Юлія Хвошч, Sputnik.

Пяць гадоў таму беларускі пісьменнік Яўген Хвалей набыў сабе лецішча ў вёсцы Калюжыцы, Бярэзінскага раёна. Так адбылося, што дом пісьменніка стаіць літаральна на тым месцы, дзе ў 1800 годзе пабачыў свет выбітны беларускі мастак Валенцій Ваньковіч.

Пісьменнік, захоплены выключнасцю постаці Ваньковіча і прывабнасцю тых мясцін, вырашыў напісаць пра мастака раман. Пачаў распытываць старых людзей аб тым, што яны чулі пра сусветна вядомага жывапісца ад сваіх бабуль і дзядуль, шмат працаваў у бібліятэках з публікацыямі, цікавіўся даследваннямі гісторыкаў, паўгады збіраў матэрыял, і нарэшце, праз два гады плённай працы, да юбілея мастака выпусціў раман-эсэ.

© Sputnik / Віктар ТалочкаПісьменнік Яўген Хвалей
Пісьменнік Яўген Хвалей - Sputnik Беларусь
Пісьменнік Яўген Хвалей

У кнізе "Серабрыстыя таполі" расказваецца пра жыццё і творчасць незвычайнага мастака XIX стагоддзя, містычнага рамантыка Валенція Ваньковіча. Ён нарадзіўся ў маёнтку на Ігуменшчыне (цяпер Бярэзінскі раён) у ціхім куточку на рэчцы Ушы.

"Ваньковіч скончыў Віленскі ўніверсітэт, Пецярбургскую імператарскую акадэмію мастацтваў, партрэтамі мастака захапляліся ва ўсей Еўропе, многія з іх знаходзяцца ў музеях Літвы, Расіі, Польшчы, Францыі, у прыватных калекцыях у ЗША. Мастак ведаў Аляксандра Пушкіна, маляваў яго, быў лепшым сябрам Адама Міцкевіча, выканаў некалькі ягоных партрэтаў. Жыў ён у апошнія гады ў Парыжы, там жа і пахаваны. Памер на руках Адама Міцкевіча", — распавядае Яўген Хвалей.

Кніга складаецца з двух частках — пра жыццё і творчасць Ваньковіча і пра сучасных жыхароў тых мясцін. Першая змяшчае чатыры разделы, тры з якіх распавядаюць пра мастака, а апошні — "Бацькаў голас" — пра адметных у беларускай гісторыі сыноў Ваньковіча, якія прымалі ўдзел у паўстанні пад Кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, былі знаёмы з ім, адбывалі пакаранне ў Сібіры.

Пра жыццё і творчасць

У першым разделе "Маёнтак над рэчкай" апавядаецца пра дзяцінства мастака, як ён нарадзіўся і рос. Апісваецца выпадак, калі мастак падчас канікулаў у Віленскім універсітэце прыязджаў на радзіму ў маёнтак бацькі са сваім сябрам паэтам Адамам Міцкевічам.

Дом-музей Валенція Ваньковіча - Sputnik Беларусь
У Мінску адзначылі юбілей са дня нараджэння Ваньковіча

"Шмат паданняў мне расказалі людзі про тое, якім чалавекам быў Ваньковіч. Напрыклад, ён прыязджаў на радзіму і пісаў карціны літаральна на хаду, на ляту. З сабой вазіў пэндзаль і станок і тут жа маляваў, а пасля раздарываў гэтыя карціны ўсім бясплатна. І такіх карцін многа было, але іх не знаходзяць", — распавёў пісьменнік.

Другі раздел называется "Партрэты двух геніяў" і прысвечаны галоўным працам мастака, — партрэтам Пушкіна і Міцкевіча. З паэтамі мастак быў знаёмы асабіста, а іх выявы на палотнах зрабілі Ваньковіча знакамітым ва ўсёй Еўропе.

"Жыццё яго вельмі складанае. Там, дзе зараз мае лецішча, пажыў мала, да 10 годзікаў, потым пераехаў у Мінск, жыў у Сляпянцы таксама 10 гадоў. А пасля, меўшы чатырох малых дзяцей, пакінуў іх і жонку і пілігрымам паехаў у Парыж, каб  паглядзець арыгінальныя карціны заходніх мастакоў. Вось такі быў мастак Валенцій Ваньковіч. Незвычайны",- распавядае Хвалей.

Знакамітыя работы мастака зараз знаходзяцца ў розных музеях свету, у Мінскім доме-музее Ваньковіча, на жаль, толькі іх жывапісныя копіі. Арыгіналы карцін можна пабачыць у музеях Фрацыі, Польшчы, у прыватных калекцыях у ЗША.

Містычны Ваньковіч

Як вядома, Валенцій Ваньковіч нарадзіўся 12 мая 1800 года і памёр праз 42 гады ў Парыжы таксама 12 мая. Аднак не толькі ў лічбах змяшчаецца містычнасць яго постаці. Па словах пісьменніка, містыцызм крочыў побач з мастаком усё яго жыццё, пра што гаворыцца ў апошнім разделе першай часткі.

© Sputnik / Віктар ТалочкаБеларускі пісьменнік Яўген Хвалей са сваёй кнігай "Серабрыстыя таполі"
Беларускі пісьменнік Яўген Хвалей са сваёй кнігай Серабрыстыя таполі - Sputnik Беларусь
Беларускі пісьменнік Яўген Хвалей са сваёй кнігай "Серабрыстыя таполі"

На радзіме Ваньковіча ходзяць легенды, што бацька мастака разам з сябрам пасадзілі каля хаты серабрыстыя таполі ў гонар нараджэння сыноў. Таполі былі прывезены з Францыі і стаяць у вёсцы і да цяперашнега часу — ім па 215 гадоў. Мясцовыя жыхары вераць, што адна з іх — і ёсць увасабленне знакамітага мастака.

"На радзіме Ваньковіча засталося стаяць на стагоддзі яго незвычайнае дрэва —  серабрыстая таполя. Не цяжка тут паверыць у містыку: мастак паехаў у Парыж, каб хутка памерці там, французская таполя паехала на яго радзіму, каб доўга жыць. Жывіце вечна, серабрыстыя таполі", — растлумачыў пісьменнік назву кнігі.

Сыны мастака таксама ўнеслі свой уклад у гісторыю. Удзельнічалі ў паўстанні на чале з Кастусём Каліноўскім, былі сасланы ў Сібір.

Пісменнік вельмі прыгожа і паэтычна апісвае паданне аб таполях у сваёй кнізе. Быццам Казімір, сын Ваньковіча, прыехаў з Сібіры, пасля таго, як разбілі Кастуся Каліноўскага, і вельмі яму захацелася падыйсці да таполі. Дакрануўшыся да дрэва ён адчуў у ім нешта вельмі роднае, стаў спавядацца перад ім, як перад бацькам: "Я шмат чаго перанёс у ссылцы…Я выжыў дзеля будучых пакаленняў, каб яны ведалі, на што мы ішлі. Ты, татусь, спадзяюся, мяне не асуджаеш".

Раптам моцна зашумела лісце на таполі і загучаў бацькаў голас, голас Валенція: "Сынок, я ўсё ведаю, я нябачна прыдаваў вам сілы выжыць, выжыць любой цаной. Вашу справу яшчэ ацэняць нашчадкі, тое, што вы здзейснілі, будзе жыць у стагоддзях. Прыходзьце да мяне, я буду размаўляць з вамі серабрыстай лістотай".

"Падняўся моцны вецер, нахіліў вяршыню таполі, быццам бацька аддаў паклон сыну за тое, што ён зрабіў для народа".

15 мая адбудзецца сустрэча- свята, прысвечаная да юбілея мастака, і пройдзе на яго радзіме ў вёсцы Калюжыцы. Кожны жадаючы зможа абняць "серабрыстую таполю" Ваньковіча.

Стужка навiн
0