Як прайшоў фестываль “Наш Грунвальд-2015”

© Sputnik / Юлія Хвошч"Наш Грунвальд-2015"
Наш Грунвальд-2015 - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Вялікі двухдзённы фестываль, прысвечаны 605-годдзю адной з самых знакавых бітваў у еўрапейскай гісторыі, адбыўся ў музейным комплексе “Дудуткі”.

Юлія Хвошч, Sputnik.

Сёмы фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Наш Грунвальд-2015" прайшоў у "Дудутках" 25-га і 26-га ліпеня. Год ад году мерапрыемства становіцца ўсё больш маштабным і на сёняшні дзень з'яўляецца, бадай, галоўным фэстам сярэднавечнай культуры ў Беларусі.
Мсціслаў адзначыў свята горада
Сёлета ў межах мерапрыемства на адной пляцоўцы было зладжана два самастойных фестывалі — рыцарскі фэст і вялікі музычны марафон "Пір пасля бітвы". "Дудуткі" наведала шмат гасцей з Беларусі і замежжа.

Ушанаванне гісторыі

"Грунвальдскі фэст" прымеркаваны да вызначальных для гісторыі падзей 1410 года, арганізатарамі мерапрыемства традыцыйна выступілі экстрым тэатр "Берсек" і музейны комплекс "Дудуткі".
У фестываль было заяўлена шмат клубаў гістарычнай рэканструкцыі з Беларусі і краін бліжэйшага замежжа. Нажаль, прадстаўнікі з Украіны, Польшчы і Літвы так і не даехалі да мерапрыемства па розных прычынах.
Тым не меньш, на фэсце сваё майстэрства прадэманстравала больш за 600 рэканструктараў з Беларусі і Расіі.
Свята наведала вялікая колькасць людзей, каб на свае вочы пабачыць сапраўдную гісторыю. Былі заўважаны і госці з далёкага замежжа.
"Я прыехаў у Беларусь на навуковы семінар і мяне прывезлі сёння сюды. Гэты гістарычны музей сапраўды жывы, мне тут вельмі падабаецца. Што тычыцца мерапрыемства, то яно паказвае, што ўсходнія славяне былі вельмі мужным, гераічным народам. Мы паважаем вас за імкненне захаваць гісторыю",- распавёў госць з В'етнама.
Сёлета арганізатарам спатрэбілася дапамога валанцёраў. Па словах навуковага супрацоўніка музейнага комплекса "Дудуткі" Канстанціна Чармошэнцава, калі фестываль будзе развівацца такімі тэмпамі і далей, ёсць верагоднасць, што ў будучыні галоўную пляцоўку фэсту трэба будзе вынесці за тэрыторыю музейнага комплекса на поле, дзе звычайна размяшчаецца намётавы лагер.
"Мерапрыемства ўжо дасягае той крытычнай колькасці гасцей, якая не ўмяшчаецца ў межы музейнага комплексу. Канешне, для такіх маштабаў трэба больш прасторы. Аднак для рэканструктараў ужо стала своеасабівай традыцыяй збірацца менавіта ў "Дудутках", — адзначыў Чармошэнцаў.
Галоўная падзея мерапрыемства — рэканструкцыя Грундвальскай бітвы — адзначылася відовішчнасцю і набліжанасцю да рэчаіснасці. Паўсюль грукаталі гарматы, ляцелі стрэлы і дзіды. Аднак гледачы знаходзіліся ў бяспецы — з саміх гармат нічога не вылятала, антураж па большай ствараў гук, лучнікі падчас рэканструкцыі бітвы выкарыстоўвалі стрэлы з бяспечнымі наканечнікамі. Аднак рыцарі падалі так натуральна, што маленкія гледачы час ад часу пыталіся ў бацькоў, ці засталіся воіны ў жывых.
"Наш Грунвальд" прайшоў у "Дудутках" — фотастужка —>>
Адзіным адрозненнем рэканструкцыі ад сапраўдных падзей стала адсутнасць конніцы — некалькі дзесяткаў коней і некалькі тысяч наведвальнікаў у спалучэнні маглі мець не самыя бяспечныя вынікі. Аднак гэты недахоп быў кампенсаваны ў другі дзень мерапрыемства відовішчным турнірам вершнікаў.

Пір пасля бітвы

Сёлета музычная частка "Грунвальду" была вылучана ў асобную праграму, якую арганізатары мерапрыемства назвалі "Пір пасля бітвы".Паколькі перамога ў Грунвальдскай бітве — справа агульнаславянская, то і ў музычную праграму было вырашана запрасіць хэдлайнераў з Беларусі, Украіны і Расіі.
Упершыню на фестывалі працавала адразу дзве сцэны. На першай выступленні пачыналіся амаль з раніцы, на другой (галоўнай) — толькі пасля рыцарскіх турніраў і доўжыліся ўсю ноч.
"Малую" сцэну наведала зусім невялікая колькасць гледачоў. І дарма. На ёй выступалі сапраўды вартыя ўвагі калектывы. У суботу — By Cry, Celidh Ceol,  By Effect, Fabiant, "Кліч", у нядзелю — "Восьмы дзень", гучныя Unia і Nevrida і беларускі калектыў сярэднявечнай музыкі Lity Taler.
"ПІР ПАСЛЯ БІТВЫ" — фотастужка — >>
Лявон Казакоў абвяшчае наступны гурт
Кіраваў музычнай часткай фестывалю "Наш Грунвальд-2015" музыкант, гісторык, басіст гурта Rokash Лявон Казакоў.
"Вельмі радуе тое, што фестываль расце і мае ўсе перспектывы стаць гэтакім беларускім "вудстокам". Асабліва прыемна, што ён прысвечаны такой знакавай даце беларускай гісторыі", — распавёў Казакоў карэспандэнту Sputnik.
Выступленні на галоўнай сцэне распачаліся адразу пасля рэканструкцыі Грунвальдскай бітвы. Адзін за другім да гледачоў выходзілі "Адарвірог", Gad Goddeu, Rokash і Forodwaith. З-за тэхнічных накладак час выступлення некаторых гуртоў быў скарочаны.
Потым настаў час хэдлайнераў. Ад Беларусі выступіў гурт сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса". Па-сапраўднаму завёў гасцей украінскі гурт Fram. Чароўны голас вакалісткі, ірландскія матывы і дуда, якія палюбіліся беларусам яшчэ на "Купальскім коле" (праходзіў таксама ў "Дудутках" у чэрвені), прымусілі плясаць гасцей фестывалю амаль без перапынку. Хэдлайнерам ад Расіі быў заяўлены гурт "Мельница", які, дарэчы, ужо ў другі раз за гэты год наведаў Беларусь. Гурт выступаў амаль дзве гадзіны.
"Усе артысты, якія выходзілі на сцэну не скардзіліся ні на гук, ні на святло. Нават музыканты "Мельницы" ў якіх вельмі наравісты райдар па гуку (электраарфа і электрафлейта, якія павінны гучаць у унісон), засталіся задаволеныя", — распавялі арганізатары мерапрыемства.
"Мельница" двойчы выходзіў "на біс". Напрыканцы выступлення вакалістка Хілавіса толькі і мовіла са сцэны: "Дзякуй Грунвальд, мы ў шоку".
У тры гадзіны раніцы над "Дудуткамі" праляцеў гучны голас Алеся Таболіча — беларускі гурт Znich выйшаў закрываць першы фестывальны дзень. Як адзначыў са сцэны вядоўца мерапрыемства, "гэта была лепшая ноч лета-2015", з чым нельга было не пагадзіцца. У намётавым лагеры да самай раніцы не спыняліся песні, гукі гітары і перкусіі.
У нядзелю пасля рыцарскіх турніраў на галоўнай сцэне выстулі этна-панкі Dzieciuki. Усе — ад малога да старога — танчылі пад дажджом пад завадныя рыфы беларускага гурта.

Надвор'е не перашкодзіла

Амаль з самой раніцы нядзелі надвор'е пачало схіляцца ў бок не вельмі ўстойлівага — дзесяць хвілін музейны комплекс залівала, потым зноў выходзіла сонейка, потым зноў ішоў дождж. І так цягам усяго дня. Замежныя госці фестывалю такім чынам зразумелі, што значыць "сапраўднае беларускае лета".
напярэдадні мерапрыемства сіноптыкі абвесцілі караткачасовы дождж
У другі дзень адбыўся фінал турніру лучнікаў, бітвы пяцёрак і конны турнір. Перад выступленнем коннага турніра з-за дажджу арганізатары былі вымушаны прыпыніць мерапрыемства, але калі вершнікі ўсё ж-такі выйшлі на пляцоўку, вядоўца турніру адзначыў, што дождж наадварот добра спрыяе на разгарачаных коней перад спаборніцтвамі і бласлаўляе вершнікаў на перамогу.
Па словах удзельнікаў турніраў, у гэтым годзе арганізацыя мерапрыемства была значна лепей.
"У параўнанні з леташнім "Грунвальдам" фестываль наведала значна больш рэканструктараў — недзе на 200 болей. Нажаль, на гэты "Грунвальд" не прыехала шмат расіян (толькі два клубы рэканструкцыі) і заяўленых раней клубаў з Украіны і Польшчы, аднак мерапрыемства прайшло на ўзроўні", — распавёў прадстаўнік мінскага клуба гістарычнай рэканструкцыі "Тотэнтанс".
Па словах валанцёраў, якія дапамагалі забяспечваць парадак на мерапрыемстве, свята прайшло спакойна, згубленыя рэчы знаходзілі сваіх уладальнікаў, а дзеці — бацькоў дастаткова аператыўна праз абвяшэнне са сцэны.
"Грунвальдскі фэст" паказаў, што ў беларускай гісторыі есць вельмі шмат слаўных старонак, а Грунвальдская бітва стала вельмі знакавай падзеяй для Сярэднявечча ўвогуле.
"Менавіта ў Грунвальдскай бітве беларускі народ разам з іншымі народамі Усходняй Еўропы заваяваў сваю незалежнасць, сваё права "людзьмі звацца" і таму я вельмі падтрымліваю ідэю таго, каб ушаноўваць гэтае свята і найдалей. Гэта наша гісторыя, гэта нашае свята", — сказаў вядоўца мерапрыемства Лявон Казакоў.
Стужка навiн
0