МІНСК, 7 жні — Sputnik. Расійская грамадскасць рэзка адрэагавала на пачатак знішчэння ў Расіі санкцыйных прадуктаў харчавання, арганізаваўшы на сайце change.org збор подпісаў супраць дадзеных дзеянняў уладаў.
Знішчаць санкцыйныя прадукты ў РФ пачалі 6 жніўня. Да гэтага іх проста не прапускалі ў краіну. Цягам года, паводле ацэнак Рассельгаснагляду, будзе знішчана каля 320 тысяч тон еўрапейскіх прадуктаў.
Незадаволеныя ідэяй знішчэння ежы грамадзяне заклікаюць прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўрад краіны перагледзець гэтае рашэнне. Па стане на раніцу пятніцы 7 жніўня свой віртуальны "подпіс" пад петыцыяй пакінула амаль 300 тысяч чалавек.
"Навошта нам знішчаць ежу, якой можна накарміць ветэранаў, пенсіянераў, інвалідаў, шматдзетных, пацярпелых ад прыродных катаклізмаў і іншых, хто мае патрэбу?", — задаюць пытанне аўтары петыцыі.
У сваю чаргу Рассельгаснагляд тлумачыць: канфіскаваныя на мяжы забароненыя прадукты нельга раздаць тым, хто жыве ў нястачы з-за адсутнасці падобных механізмаў. Паводле заяў прадстаўнікоў ведамства, прадукцыя ўвозіцца ў Расію без неабходных дакументаў, а значыць, гэтая ежа можа быць небяспечная. Акрамя гэтага, у ведамстве запэўніваюць, што ідэя раздачы прадуктаў можа прывесці да карупцыі.
Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў ўвечары ў чацвер паабяцаў, што Крэмль "улічыць петыцыю супраць знішчэння ежы", але звярнуў увагу на складанасць праверкі "аутэнтычнасці подпісаў".