МІНСК, 7 вер — Sputnik. "TODD" — грандыёзны тэатральна-музычны эксперымент легендарнага гурта "Кароль і Шут" і прадзюсерскай кампаніі "Театральное дело", пастаўлены па п'есе Хрыстафера Бонда.
Ідэя пераказаць гісторыю пра брытанскага цырульніка-забойцу ў стылі панк-рок належыла Міхаілу Гаршэнёву, лідэру і заснавальніку гурта "Кароль і Шут", якога не стала ў 2013-м годзе.
Да самай смерці Гаршэнёў выконваў галоўную ролю ў спектаклі, потым ролю Тода стаў выконваць Роберт Астралуцкі.
Асновай сюжэту рок-мюзікла "TODD" стала старадаўняя ангельская легенда аб вар'яцкім цырульніку Суіні Тодзе, вядомая па фільме Ціма Бертана "Суіні Тод, дэман-цырульнік з Фліт-Стрыт". Тод помсціць за разбураную сям'ю, забіваючы непажаданых яму наведвальнікаў, а хаваць гэтыя дзеянні яму дапамагае закаханая ў яго буфетчыца Лавэт.
Арыгінальнае лібрэта для "TODD" напісалі вядомыя драматургі Міхаіл Барцянёў і Андрэй Усачоў: яны пераўтварылі змрочнага забойцу Тодда у ізгоя-рамантыка, які імкнецца аднавіць парушаную справядлівасць.
Пад кіраўніцтвам рэжысёра Уладзіміра Злотніка артысты мюзікла "ТОDD" трансфармуюць звыклыя тэатральныя стандарты, змешваючы балет, паркур, графіці, класічны мюзікл, рок-оперу і містэрыю ў уласцівай гурту "Кароль і Шут" гратэскавай манеры. Музыкі "Кароль і Шут" цягам усяго дзеяння ўжывую выконваюць песні, напісаныя Гаршэнёвым адмыслова для мюзікла. Музыку да спектакля Міхаілу дапамагаў пісаць яго малодшы брат — Аляксей Гаршэнёў, лідэр гурта "Кукрыниксы".
Акрамя акцёраў і музыкаў, у мюзікле прымае ўдзел паркур-каманда, хор і балет. У спектаклі занята больш за 40 чалавек, выкарыстоўваецца велізарная колькасць сцэнічнага абсталявання і звыш 200 касцюмаў. Дэкарацыі створаны спецыяльна для паркур-трукаў і аформленыя вядомым стрыт-арт мастаком P183.
Арганізатарам і ініцыятарам мерапрыемства ў Беларусі выступіў праект "Рэспубліка Рока". Падрабязней пра спектакль "TODD" у Мінску можна даведацца ў сацыяльных сетках.