МІНСК, 25 вер — Sputnik. Чэмпіянат па фотабёрдынгу пройдзе ў наступную нядзелю. З гэтай нагоды мы пагаварылі з удзельніцай мінулых чэмпіянатаў Марынай Серабраковай і высветлілі, якія птушкі самыя фотагенічныя і да чаго трэба падрыхтавацца жадаючым паўдзельнічаць у спаборніцтве.
Першае, што трэба ведаць пачынаючыму фотабёрду — пяць гадзінаў прыйдзецца бегаць па лесе ды полю ў пошуку птушак. Столькі часу адводзіцца падчас чэмпіянату для таго, каб рабіць здымкі. "Падчас чэмпіянату вызначаецца, дзе будуць правадзіцца здымкі. У мінулы раз гэта быў Лошыцкі парк. Наступныя пяць гадзінаў ты бегаеш па вызначаным участку і фатаграфуеш птушак. А пасля ты павінны вызначыць, якія птушкі трапілі ў твой аб'ектыў", — расказвае Марына.
Дадаткова праводзіцца конкурс на лепшы фотаздымак птушкі. Марына хоць і кажа, што ўсе птушкі аднолькава фотагенічныя, усё ж прызнае, што ёй больш за ўсё падабаецца фатаграфаваць вранрвых — гракаў, соек. А ў мінулым годзе фотааматару нават удалося зняць, як спаборнічаюць за тэрыторыю дзве сініцы.
Марына кажа, каб зрабіць добры фотаздымак птушкі, трэба добра ведаць птушыныя паводзіны. Для таго, каб проста сфатаграфаваць птушку ў парку, не патрэбныя асаблівыя навыкі — дастаткова доўгафокуснага аб'ектыву — 150-200 мм. А вось з дзікімі птушкамі могуць узнікнуць праблемы — прыйдзецца доўга сядзець на адным месцы, чакаючы, калі птушка з'явіцца.