Oktoberfest у Камарова блюз-пятніца і фольк-субота

© Sputnik / Юлія ХвошчГурт "Крама" на фестывалі "Дружба"
Гурт Крама на фестывалі Дружба - Sputnik Беларусь
Падпісацца
“Крама”, Rokash, “Палац” і іншыя выступяць у кавярні Камарова village 2 і 3 кастрычніка.

МІНСК, 1 кас — Sputnik. На гэтых выходных наведвальнікаў Oktoberfest'а чакаюць блюз-дзень і фольк-дзень у пятніцу і суботу адпаведна.

Канцэртны дзень 2 кастрычніка Oktoberfest у Камарова адкрые Bluesville Station, які выступіць у пашыраным складзе: да дуэту Юрася Ускова (вакал, гітара) і Віталя Шышпаронка далучацца сябры з блюз-рокавага гурта Cross B Band — аднаго з важнейшых праектаў беларускай блюзавай сцэны апошняга 10-годдзя. Таксама ў якасці другога гітарыста, да Station далучыцца легендарны Сяргей Скрыпнічэнка — лідар гурта Zygimont Vaza. Разам музыкі выканаюць гадзінны сэт блюзавай класікі — ад чыкагскіх стандартаў да тэхаскага блюза.

Oktoberfest пройдзе ў “Камарова” з 25 верасня па 10 кастрычніка

Адмысловую праграму рыхтуюць і "П'яныя госці" — акустычны праект Аляксандра Памідорава і гітарыста Дзяніса Балахонава. Яны будуць граць як свае блюзавыя творы, так і класіку блюзу ды рок-н-ролу.

Завершыць блюзавы дзень гадзінным сэтам гурт "Крама". Ігар Варашкевіч абяцае зрабіць ухіл на хіты гурта "пітной тэматыкі".

Фольк-суботу 3 кастрычніка распачне праект Піта Паўлава — Paparać, які рэдка выступае ў Мінску і ваколіцах, але актыўна канцэртуе па Беларусі. У капэле Піта грае нязменны бубнач N.R.M. Алезіс Дземідовіч, вядомы беларускі музыка і гісторык Яраш Малішэўскі ды цымбалістка Алеся Шагун.

Гурт "Рокаш" прадставіць на Oktoberfest сваю "кастрычніцкую" праграму, куды сярод іншага ўвойдуць і прэм'еры.

Скончыць вечар выступ гурта "Палац" з найлепшымі песнямі. Алег Хаменка зазначае, што праграма будзе збудаваная такім чынам, каб пад спевы было зручней грукаць куфлямі — музыкі падбяруць свае самыя вясёлыя і пазітыўныя песні.

Прыязджаць у "Камарова" можна на ўласным транспарце ці на спецыяльна арганізаваных бясплатных маршрутных таксі з д/с Дружная-Камарова, Камарова — д/с Дружная (прыпынак вул. Талстога) з 15.30 да 0.00. Маршруткі курсуюць кожную гадзіну.

Кошт квіткоў складае: папярэдне — 200 тыс. рублёў, на ўваходзе — 250 тыс. рублёў.

Стужка навiн
0