Мантыя-невідымка замест ховерборда: чым занятая наша навука

© Flickr / Garry KnightГраффити "Назад в Будущее"
Граффити Назад в Будущее - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Марці МакФлай з’явіцца на Зямлі ўжо сёння – герой знакамітай серыі фільмаў “Назад у будучыню” па сюжэце ляціць праз прастору і час у 21 кастрычніка 2015 года. Sputnik распытаў навуковага сакратара інстытута фізікі НАН Беларусі, ці добра падрыхтавалася беларуская навука да будучыні.

Алена Васільева, Sputnik.

З надыходам 2015 года ўсё навуковае ў чалавеку актывізавалася. Каб не расчараваць героя Роберта Земекіса, зямляне з будучыні — то бок з нашага 2015 года — нават стварылі амаль сапраўдны хаверборд. Lexus з мая намагаецца здзівіць нас скейтам, які здольны на левітацыю — праўда, лятае ён толькі над металічный паверхней. А Nike выпусцілі адмысловыя шнуркі — такія самыя, якія былі ў галоўнага героя фільма.

Sputnik зацікавіўся, што ж зрабіла беларуская навука дзеля таго, каб наблізіць будучыню, якую паказалі ў фільме трыццаць год таму, і пагутарыў з Янай Кароль, вучоным сакратаром інстытута фізікі НАН Беларусі.

© Sputnik / Марына СерабраковаЯна Кароль
Яна Кароль - Sputnik Беларусь
Яна Кароль

Мантыя-невідымка: што зрабілі беларусы?

З першых жа хвілінаў у сценах Акадэміі нас расчароўваюць — машыну часу не варта чакаць не толькі ад беларускай навукі, але і ад сусветнай. Яна сцвярджае, што падараваць нам яе — па-за магчымасцямі супрацоўніка НАН. Між тым тут занятыя вытворчасцю не менш карысных прыладаў. Нас, напрыклад, натхніла магчымасць валодання мантыяй-невідымкай.

— У нашым інстытуце займаюцца распрацоўкай метаматэрыялаў — матэрыялаў з незвычайнымі аптычнымі асаблівасцямі. Проста кажучы, з яго можна зрабіць плашч-невідзімку. Зараз такія матэрыялы існуюць толькі ў iнфрачырвонай вобласці. Калі накінуць на чалавека такі метаматэрыял, дык прыбор начнога бачання яго не зафіксуе, а будзе бачыць тое, што знаходзіцца за чалавекам.

Над вытворчасцю такога прыбора працуюць вучоныя ва ўсім свеце, і Беларусь на іх фоне выглядае надта добра. У прошлым годзе праходзіў мiжнародны сімпозіум па метаматэрыялах, дзе Беларусь заняла 18 месца сярод амаль 60 краін.

© Sputnik / Марына СерабраковаЯна Кароль
Яна Кароль - Sputnik Беларусь
Яна Кароль

Але ж гэта толькі адзін з напрамкаў, які мы распрацоўваем. Усяго ў нас 26 лабараторый. У асноуным мы займаемся ствареннем лазерна-аптычных прыбораў i тэхналогiй. Менавіта наш інстытут робіць лепшыя ў свеце лідары — прыборы, якія шырока выкарыстоўваюцца для даследвання атмасферы. Тут мы наперадзе ўсёй планеты — напрыклад, у Антарктыдзе атмасферныя даследванні вядуць толькі тры станцыі, і адна з іх — беларуская.  Нашыя лазеры шырока выкарыстоўваюцца не толькi ў прамысловасцi, але i ў медыцыне. Фiзiкi далі медыкам фізіятэрапеўтычныя апараты, магчымасць антымікробнай фотадынамiчнай тэрапіі, якая замяняе антыбіётыкі, аптычныя метады дыягностыкi анкалагiчных захворванняў.

Тут варта сказаць, што разам з нобелеўскім лаўрэатам гэтага года працавалi ў Японii і беларусы. Зараз навука не зачыненая ў межах асобнай дзяржавы.

© Flickr / RicardoHover board Марці МакФлая
Hover board Марці МакФлая - Sputnik Беларусь
Hover board Марці МакФлая

Непадуладнае навуке: чаго з прадстаўленага ў фільме ў нас ніколі не будзе?

Пра машыну часу нечага і марыць, з гэтым мы гатовыя, хоць і без асаблівага жадання, прымірыцца. Але ж хавербордаў у Акадэміі навук нам таксама не абяцаюць.

— Перамяшчэнне ў часе аб'ектаў абсалютна немагчыма — у тым выглядзе, як гэта паказваюць у фантастычных фiльмах. Але ж можна павярнуць праблему іншым бокам, крыху паскорыць час дазваляе Тэорыі адноснасці. Успомнім фільм "Інтэрстэлар" — героі ляталі ў космасе зусім нядоўга, але ж на зямлі прайшоў значны адрэзак часу. Тэорыя адноснасці кажа: за той нязначны час, што вы правядзеце ў космасе, несучыся з вялізнай хуткасцю, на Зямлі пройдуць тыдні. Таксама тэарэтычна магчыма падарожжа ў часе праз кратовыя норы, але гэта яшчэ голая тэорыя, ў выніках якой нямногае разумеюць нават яе стваральнікі.

Побач з машынай часу бачым у фільме і лятучыя аўтамабілі — гэта агульнае месца фантастычных фільмаў. Але ці варта навуке шукаць такі аўтамабіль? Значна важней — электрамабіль, які ўжо зрабілі і які большасць фантастаў сабе нават не ўяўляла.

Смеццевы генератар, паказаны ў фільме — бязглуздзіца. Каб перапрацоўваць смецце ў энергію, проста спаліць яго недастаткова — такой магутнасці мы ад гэтага не атрымаем. Усе магчымыя спосабы атрымання энергіі ўжо даследаваныя, і канчаткова нерэалізаваным застаецца толькі кіруемы тэрмаядзерны сінтэз. У Савецкім саюзе былі неблагія напрацоўкі, мы марылі атрымаць тэрмаядзерную электрастанцыю ўжо ў 90-х гадах, але з яго распадам усё скончылася. Саюз даў нам выключны ўзровень навукі, многія вучоныя яшчэ жывыя, і мы марым, каб яны паспелі перадаць свае веды маладым.

Навука моцна звязаная з палітыкай, зрабiць той жа кіруемы тэрмаядэрны сінтэз зараз малакарысна для дзяржаў, якія сядзяць на нафце — яны хутка абанкруцяцца, таму да яго прамысловай рэалізацыі навука ідзе вельмі павольна.

Дарэчы, у фільме можам пабачыць шмат якія рэчы, якія рэжысёру не ўдалося прадказаць — напрыклад, інтэрнет, мабiльная сувязь, шматлікія біятэхналогіі, тыя ж кланіраванне і генную інжэнерыю.

© Sputnik / Марына СерабраковаЯна Кароль
Яна Кароль - Sputnik Беларусь
Яна Кароль

Прадказана верна: што асіліла навука?

Між тым некаторыя рэчы, паказаныя ў фільме, навука дала-такі чалавеку. Тыя ж гугл-глас — гэта амаль тое самае, што паказаў нам рэжысёр.

— Тады гэта здавалася немагчымым, як і неверагоднымі здаваліся плоскія тэлевізары на ўсю сцяну з вялікай колькасцю каналаў і магчымасцю кіравання голасам — у каго зараз такога няма? Тое самае можна сказаць пра пластычныя аперацыі, паказаныя ў кіно, — толькі лянівы зараз іх не робіць. Для савецкага чалавека гэты фільм дэманстраваў абсалютна неверагодныя рэчы, еўрапейцу, пэўна, нават у 1989-ым гэтая фантастыка здавалася больш рэальнай.

Надыходзіць "тая самая дата": кінапрагляды "Назад в будущее"

Добра развіваецца робататэхніка: у фільме былі робаты-афіцыянты, дроны, гадзiннiкi, якiя паказваюць прагноз надвор'я — усе гэта ўжо ёсць. Але ж зараз усю ўвагу трэба скіраваць не столькі на фізіку, колькі на біялогію — менавіта ад яе варта чакаць значных дасягненняў. Ужо шмат чаго зроблена — напрыклад, апладненне ЭКА, аналізы на генетычную схільнасць да захворванняў. Хутка стане магчымым яшчэ да нараджэння дзіцяці проста "выключаць" у ім гены, што адказваюць за схільнасць да раку. Ці ж гэта не важней за хаверборд?

Фізіка шмат чаго зрабіла і для развіцця біялогіі — напрыклад, дзякуючы фізікам была расшыфраваная ДНК, створаны магніта-рэзанансны тамограф. Мы для медыцыны робім шмат карыснага — тыя ж лазеры.

Наш інстытут зрабіў апарат, які дазваляе вывадзіць з арганізма толькі што народжанага дзіцяці білірубін. Дастаткова пасвяціць адмысловай лямпай — і білірубін распадаецца i выводзіцца. Гэтыя лямпы пастаўленыя ва ўсе нашыя раддамы, імі цікавяцца замежнікі. Пад замежнікаў — напрыклад, кiтайцаў — іх трэба калібраваць, лампа павінна падыходзіць пад скуру.

© Sputnik / Марына СерабраковаЯна Кароль
Яна Кароль - Sputnik Беларусь
Яна Кароль

А чым тая навука ўвогуле занятая?

Навукоўцам часта задаюць прамое пытанне — а вы ўвогуле чым занятыя? Калі не выдумалі для нас ні лятаючага аўто, ні хаверборда, дык увогуле, што рабілі апошнія трыццаць год?

— Да таго, што я пералiчыла, трэба дадаць, што зараз навука намагаецца стварыць квантавыя камп'ютары, яны нам дадуць неверагодныя вылічальныя магутнасці. Але ж па шчырасці нам дастаткова і таго, што маем зараз. Так, квантавы кампутар дапамог бы нам стварыць надта рэальную віртуальную рэальнасць, але простаму чалавеку квантавы кампутар не надта і патрэбны. Але ж дырэктар ІВМ у 1943 годзе таксама заяўляў, што ў свеце ёсць попыт толькі на пяць камп'ютараў. Можа быць, праз 50 гадоў квантавы камп'ютар ужо будзе ў кожным тэлефоне.

Тое, што робяць на першым плане навукі, карысна, хутчэй, як чыстыя веды. Той ж базон Хіггса — гэта элемент стандартнай мадэлі, яго адкрыццё з'яўляецца нагодай для падцверджання гэтай мадэлі, але для звычайнага чалавека гэта нічога не змяняе. Ці ўзяць тэлескоп Хаббл — па яго здымках падцвердзiлася iснаванне чорных дыр у цэнтрах галактык, але ж мы даўно гэта прадказвалі — кардынальна чалавечага жыцця ён не мяняе, толькi дае шмат прыгожых здымкаў.

Ці, напрыклад, нобелеўскія лаўрэаты гэтага года вызначылі, што ў нейтрына ёсць маса, але ж ад гэтага нашае жыццё не зменіцца.  Яно не зменіцца нават калі вучоныя даведаюцца, чым з'яўляецца цёмная матэрыя. Свет больш накіраваны на атрыманне новых тэхналогій, а яны ствараюцца на аснове ведаў, якія мы ўжо маем.

Стужка навiн
0