МІНСК, 5 ліс — Sputnik. "Арт-сядзіба" вырашыла займець пры сабе тэатр. Першы спектакль будзе прысвечаны асобе Браніслава Тарашкевіча. 14 лістапада адбудзецца прэм'ера спектаклю "Браніслаў. Сцэны з жыцця ды сноў" паводле аднайменнай п'есы Эльдара Бякірава.
"Тарашкевіча стаяў ля вытокаў беларускага правапісу і граматыцы. Пачынаць вырашылі з уласнага матэрыялу, ставім спектакль пра гэтую выбітную асобу, сюжэт пакуль трымаецца ў сакрэце", — распавядае Sputnik кіраўнік праекта Аляксей Сапрыкін.
Сапрыкін сцвярджае, што беларускаму тэатру не хапае накірунку гістарычнага спектакля. "Нядаўна Харланчук у Купалаўскім тэатры паставіў п'есу пра Радзівіла Чорнага. Гэтага мала, трэба пашыраць прысутнасць гістарычных асоб у нашым тэатры", — дадае спадар Аляксей.
У тэатры, які ладзіцца пры "Арт-сядзібе", няма прафесійных акцёраў, некаторыя з іх выступаюць у аматарскіх тэатрах, некаторыя навучаюцца ў Акадэміі мастацтваў, некаторыя проста аднесліся станоўча да ідэі стварэння спектакля пра Тарашкевіча.
"Кіраўнікі праекту не маюць акадэмічнай школы, мы эксперыментальны тэатр са сваім бачаннем і новымі ідэямі, ці атрымаецца — вырашаць вам", — дадаў Сапрыкін.
Бліжэйшым часам плануецца пяць паказаў спектакля.
Даты паказаў:
- 14 лістапада — 19:00;
- 16 лістапада — 20:30;
- 18 лістапада — 20:30;
- 20 лістапада — 20:30;
- 23 лістапада — 20:30.
На прэм'ерным паказе 14 лістапада адбудзецца дыскусія разам з акцёрамі і рэжысёрам спэктаклю, а таксама мовазнаўцам Вінцуком Вячоркам.
Дзе: памяшканне тэатру "На балконе", Незалежнасці, д. 4.