МІНСК, 12 ліс — Sputnik. Палажэнне аб аплаце за паўторную здачу залікаў і экзаменаў прынята ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, платныя пераздачы ўводзяцца ў БДУ з 1 студзеня 2016 года, паведамілі Sputnik у прэс-службе ВНУ.
Дакумент зацверджаны загадам рэктара ўніверсітэта, ён вызначае парадак збірання платы за паўторнае праходжанне бягучай і выніковай атэстацыі, а таксама ліквідацыі акадэмічнай розніцы.
"Пры ўвядзенні платы за ліквідацыю акадэмічнай запазычанасці БДУ зыходзіць з нормаў дзеючага заканадаўства Беларусі. У базавы кошт атрымання адукацыі, якая фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту або ажыццяўляецца за кошт уласных сродкаў грамадзян, уваходзіць толькі аднакратная здача залікаў і экзаменаў", — сказалі ў ВНУ.
Там таксама падкрэслілі, што ў выпадку ўзнікнення акадэмічнай запазычанасці заканадаўства трактуе пераздачу як адукацыйную паслугу, якая павінна аказвацца на ўмове кампенсацыі яе кошту.
"Плата за паўторную здачу залікаў і экзаменаў ужо даўно ўведзена ў большасці беларускіх ВНУ. БДУ да апошняга часу заставаўся адным з нямногіх універсітэтаў, дзе гэтая практыка не ўжывалася. З мэтай павышэння вучэбнай дысцыпліны, адказнасці студэнтаў такое становішча ўведзена і ў БДУ", — сказалі ў прэс-службе.
У БДУ падкрэслілі, што новаўвядзенне не закране пераважную большасць студэнтаў, якія адносяцца да вучобы добрасумленна.
"Унясенне платы за паўторную здачу экзаменаў і залікаў стане дадатковым стымулам для тых, хто не ўдзяляе належнай увагі вучобе ў ВНУ", — адзначылі ў ВНУ.
Раней у інтэрнэце пачалі збор подпісаў за тое, каб падобная мера не ўводзілася ў вядучай ВНУ Беларусі. К 12 лістапада пад петыцыяй супраць увядзення платы за пераздачу падпісаліся больш за 2,5 тысячы чалавек.