МІНСК, 24 ліс — Sputnik. Газета Dagens Nyheter доўгі час вяла абмеркаванне, ці варта замест "Vitryssland" пісаць "Belarus" і вырашыла — у тым ліку дзякуючы дасягненням Алексіевіч, беларусы заслужылі звацца так, як самі вырашылі.
"Мы хочам падкрэсліць, што Беларусь з'яўляецца незалежнай дзяржавай з 1991 года. Мы будзем выкарыстоўваць гэту назву, каб пазбегнуць рызыкі блытаніны паміж Расіяй і Беларуссю", — кажа рэдактар газеты Піа Скагермарк.
Газета піша, што англамоўныя краіны карыстаюцца назвай "Belarus". Рэдакцыя патлумачыла, чаму змена адбылася менавіта сёння.
"Мы абмяркоўвалі гэтае пытанне доўгі час і вярнуліся да яго падчас выбараў і прысуджэння Нобелеўскай прэміі Алексіевіч. Сёння мы публікуем агляд творчасці Зарэмба і лічым, што гэта падыходзячы час для пераймення", — тлумачыць газета.
З сёняшняга дня шведы, каб знайсці навіны пра Беларусь, павінныя шукаць па запыце "Belarus".