МІНСК, 25 ліс — Sputnik. "Арт-сядзіба" паведаміла пра адмену спектакля "Браніслаў. Сцэны з жыцця і сноў", які ставіўся на сцэне тэатра БДУ "На балконе" двойчы — 14 і 16 лістапада. Упраўленне культуры ўніверсітэта адмаўляе, што спектакль забаронены — маўляў, першапачаткова дамаўляліся на два паказы, якія дазволілі зладзіць.
"Я даваў дазвол на правядзенне толькі двух спектакляў, мы не маглі дазволіць дадатковыя пастаноўкі па простай прычыне — пачынаецца "Тэатральны куфар", а тое значыць, што да нас у дванаццаты раз прыедуць васямнаццаць замежных тэатраў, нам трэба падрыхтавацца, знайсці валанцёраў, накарміць і знайсці жытло для трохсот чалавек", — патлумачыў спецыяльна для Sputnik начальнік упраўлення па справах культуры Белдзяржуніверсітэта Уладзімір Макарэвіч.
"Арт-сядзіба" сцвярджае, што апроч двух паказаў, БДУ абяцала зладзіць яшчэ тры.
"У сераду, прыйшоўшы да тэатра, можна было пабачыць паведамленне пра адмену спектаклю на дзвярах тэатра. У ім на расійскай мове было напісана: "Спектакль "Бранислав" отменен". Яшчэ ў чацвер была надзея, што спектакль усё ж адбудзецца ў пятніцу і панядзелак, як і было запланавана раней", — паведамляе арганізацыя.
Між тым упраўленне культуры сцвярджае, што ніякіх паказаў апроч тых, што адбыліся, запланавана не было.
"Трэба было рыхтаваць пляцоўкі для "Тэатральнага куфара", сустракаць гасцей, а пасля размясціць іх, нам папросту не хапае часу і магчымасці менавіта зараз ладзіць іншыя пастаноўкі. Зрабілі з нас нейкіх монстраў", — абураюцца ва ўпраўленні.
У тэатры, які ладзіцца пры "Арт-сядзібе", няма прафесійных акцёраў, некаторыя з іх выступаюць у аматарскіх тэатрах, некаторыя навучаюцца ў Акадэміі мастацтваў, некаторыя проста аднесліся станоўча да ідэі стварэння спектакля пра Тарашкевіча.
"На жаль, сам спектакль не бачыў, калі знайду магчымасць паглядзець, дам і ацэнку", — каментуе для Sputnik начальнік упраўлення.