Ева Шэлань, Sputnik
Не паспеў у сталіцы адкрыцца першы "Музей дзяцінства", што зараз працуе ў тэставым рэжыме, як стваральнікаў абвінавацілі ў недастатковай інтэрактыўнасці і іншых грахах супраць дзяцінства. Sputnik завітаў у музей і ацаніў экспанаты.
На арганізатараў ужо пасыпаліся папрокі ў тым, што перад стварэннем такой прасторы варта паехаць у еўрапейскія музеі і паглядзець, як зрабілі там. Але ж стваральнікі мінскага музея менавіта на Захад і арыентаваліся — усе прадстаўленыя тут лялькі, што прыехалі з Еўропы і нават Індыі, Японіі ды іншых краінаў, узятыя з уласнай калекцыі стваральніцы музея Галіна Сыракваш.
"Лепшы музей дзяцінства месціцца ў Лондане — на некалькіх паверхах вялікага будынка, там нават ёсць пясочніцы — гэтаксама як экспанат. Але ж простыя аматары не могуць дазволіць сабе такіх плошчаў — у Брытаніі музей падтрымлівае дзяржава, а мы ўсё робім на уласным энтузіязме. Намагаліся стварыць прастору, куды б дзеці маглі прыйсці пасля школы, напрыклад, бавіць час, даведвацца пра нешта новае", — распавядае спадарыня Сыракваш
Шмат якія экспанаты тут адкрытыя для маленькіх наведвальнікаў — з імі можна гуляць. Толькі некаторыя лялькі рэкамендуюць у рукі не браць — гэта музейныя экспанаты, лялькі, якія былі створаныя яшчэ ў 19 стагоддзі, прывезеныя з розных кропак свету.
Дарэчы, не ўсе з прадстаўленых лялек ствараліся для гульняў, асабліва тое тычыцца лялек з усходніх краінаў.
"Шмат з іх ствараліся як абрадавыя лялькі. У старажытным Егіпце, Індыі, напрыклад, большасць цацак рабіліся для рэлігійных культаў. Ды і самое паняцце дзяцінства ўзнікла не так даўно — дзеці працавалі з самага дзяцінства, часу на гульні не было, а таму не было і лялек у класічным разуменні. Лялькі вучылі дзяцей мацярынству, побыту — гэта была іх асноўная функцыя", — распавядае стваральніца музея.
У цэнтры пакоя з лялькамі розных краінаў — вялікая чырвоная лесвіца, застаўленая японскімі лялькамі. Ад экскурсавода даведваемся, што такая лесвіца была амаль у кожнай японскай дзяўчынкі, да шлюбу яна павінная была поўнасцю заставіць яе лялькамі, якія ёй прэзентавалі на адмысловыя святы. Такі занятак павінны быў зрабіць з японскай дзяўчынкі сапраўдную японскую жанчыну, цярплівую і здатную на сузіранне.
У іншым пакоі — асобны стэнд з незвычайнымі лялькамі. Тут усё разам — і інтэр'ерныя лялькі, і тыя, што зробленыя мясцовымі беларускімі майстрамі, і сапраўдны Шчаўкунок, і лялька ў бутэлькі, што танчыць пад павольную музыку, лялька, у якой растуць валасы — іх можна падаўжаць і скарачаць, і цэлая процьма розных робатаў.
Тут жа — лялькі перавёртышы, унутры адной такой лялькі схавана некалькі персанажаў. У музеі кажуць, што з дапамогац такіх цацак можна зрабіць цэлы лялечны спектакль і дэманструюць: вось лялька-прынцэса, але калі яе перавярнуць — будзе папялушка, а вось льлька, якая сумяшчае ў сабе дачку, маці і бабулю.
Акрамя рарытэтных лялек тут ёсць і зусім сучасныя цацкі — напрыклад, сабраная з Lego "Зорка смерці" з "Зорных войнаў", калекцыя шахматаў з "Гары Потэра", а ў асобным пакойчыку — вялікія пакоі "Барбі" і замак з рыцарамі для хлопчыкаў — тут могуць гуляць маленькія наведвальнікі, пакуль старэйшыя цікавяцца паходжаннем воскавых і фарфоравых лялек з суседняга пакойчыка.
Экскурсавод з відавочнай любоўю распавядае пра кожную ляльку — вось гэтая прыехала з Брытаніі, а гэтая — з Германіі.
"Вось лялька з серыі "Ружовы бутон". Калі ў мінулым стагоддзі яе стваральнікі выпусцілі толькі першую ляльку, спыталі ў адной дзяўчынкі — а што табе ў ёй падабаецца? Яна адказала, што ёй падабаюцца вусны лялькі — ружовыя, нібыта кветка. Так ляльку і назвалі — "ружовы бутон", — распавядае спадарыня Сыракваш.
Тут можна паглядзець і на васкавых лялек — тулава ў іх мягканабіўное, а твары і ручкі зробленыя з воску. Пры тым, вырабленыя гэтыя лялькі яшчэ напрыканцы 19 стагоддзя.
Адмыслова побач з такімі рарытэтнымі экспанатамі выстаўленая калекцыя маленькіх лашадак "My little Pony". Зроблены тое наўмысна — стваральнікі музея кажуць, што ім надта хацелася, каб дзеці маглі сярод дзяцінства розных краінаў знайсці і сваё асабістае.