МІНСК, 15 сне — Sputnik. Мінчукі збіраюцца ў аэрапорт — сёння рэйсам "Стакгольм-Мінск" у Беларусь вяртаецца Святлана Алексіевіч, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Самалёт Алексіевіч прылятае ў 16:35.
З раніцы група ў Facebook не спіць — прапануюць вольныя месцы ў машыне, каб дапамагчы дабрацца ў аэрапорт і абмяркоўваюць план сустрэчы.
"Калі ў вас ёсць вольнае месца ў машыне, альбо вы шукаеце вольнае месца ў машыне — пішыце ў каментарах. Вялікай кампаніяй і ехаць весялей", — заклікаюць у групе.
Сярод прапановаў па сустрэчы — нават лімузін.
"Ці плануецца нейкая прыстойная машына для сустрэчы Святланы ў аэрапорце? Мне здаецца гэта будзе прыемна Святлане і будзе добрая карцінка для прэсы, што беларусы і без удзелу ўладаў могуць самі ўсё цудоўна арганізаваць", — прапануе адна з удзельніцаў флэшмобу і нават дадае, што сама гатовая ўсё аплаціць.
Ёсць і праціўнікі лімузінаў: "Сябры, на колькі вядома мне, Святалана не любіць пустога пафаса — не трэба лімузін! Нейкую іншую добрую машыну — так, а лімузін — мо такі не варта…"
Сяброўка Святланы Алексіевіч, культуролаг Юлія Чарняўская, таксама далучылася да абмеркавання і перадала шчырую ўдзячнасць удзельнікам сустрэчы ад самой нобелеўскай лаўрэаткі.
"Дарагія сябры, Святланы Алексіевіч будзе вельмі рада сустрэчы і вельмі кранутая вашай ініцыятывай", — піша спадарыня Чарняўская.
Святлана Алексіевіч — першы лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў гісторыі незалежнай Беларусі.