Традыцыя святкавання Новага году на Беларусі, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, перарывалася толькі на кароткі час. Прыкладна дзесяцігоддзе пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі свята лічылася буржуазным. Але ўжо ў 30-я Новы год зноў вярнуўся ў дамы савецкіх людзей.
Але ялінкі ўжо не ўпрыгожвалі тымі цацкамі, што былі распаўсюджаны да рэвалюцыі. Калядныя зоркі, шары і званочкі, якія сёння можна пабачыць у пінскім Музеі беларускага Палесся, саступілі месца новым упрыгожванням. Каб задаволіць патрэбу ў елачных цацках, савецкія прадпрыемствы пачалі выпуск уласнай прадукцыі.
На працягу 30-50-х гадоў мінулага стагоддзя досыць папулярнымі былі ватныя цацкі. Нягледзячы на знешнюю прастату, тэхналогія іх вырабу была досыць мудрагелістай. Ватныя цацкі рабілі са скручанай прэсаванай бавоўны, якой надавалі пэўную форму. Існавалі каркасы-"шкілецікі" для вырабу чалавечкаў і жывёл. Пасля фігурку пакрывалі слоем клейсцера і слюды, што надавала ёй жорсткасць.
Твары лялек і пысы жывёлаў выраблялі з гліны, пап'е-машэ ці тканіны. У той перыяд найбольш распаўсюджанымі цацкамі былі садавіна, гародніна, фігуркі людзей, казачныя персанажы, лясныя і цыркавыя жывёлы.
Шкляныя ж цацкі напачатку свайго існавання ў савецкую эпоху займалі зусім невялікую частку ўпрыгожванняў. Але ў 60-70-я гады амаль усе ялінкі ўпрыгожвалі ўжо шклом. Пасля выдуву цацку ахалоджвалі, апускалі ў каляровы лак ці нітрыт срэбра, а потым фарбавалі ўручную. У гэты перыяд папулярнасцю карысталіся цацкі на касмічную тэму, музычныя інструменты, а таксама ўсё тыя ж жывёлы і персанажы казак.