Крама Prastora.by адчыніла “рэальныя” дзверы для пакупнікоў

© Sputnik / Юлія ХвошчНесцерка каля крамы Prastra.by у ГЦ "Маскоўска-венскі"
Несцерка каля крамы Prastra.by у ГЦ Маскоўска-венскі - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Адкрыццё "Беларускай прасторы" было адзначана музычна- літаратурнымі імпрэзамі 22 і 23 снежня, на перадзе ў планах кампаніі і далей ладзіць такога кшталту мерапрыемсты ў самым цэнтры гандлёвага цэнтра.

Юлія Хвошч, Sputnik.

Назва крамы для беларусаў не новая, Prastora.by ужо даўно на слыху — яна прапануе адзенне і сувеніры з нацыянальным беларускім каларытам праз інтэрнэт, зараз жа ў грамадскасці ёсць магчымасць паглядзець на ўнікальные рэчы не толькі праз экраны манітораў.
З нагоды адкрыцця ў ГЦ "Маскоўска-венскі" (а менавіта там і знаходзіцца беларускі павільён) былі зладжаны два святочныя мерапрыемствы — 22 снежня адбыліся літаратурна-мастацкія і музычныя выступы Яраша Малішэўскага і Аксаны Спрынчан, а 23-га эстафету перанялі фіналісты нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" — малады беларускі гурт Navi.
Прыхільнікі гурта Navi - Sputnik Беларусь
#мызваміNavi – падтрымай песню на мове для “Еўрабачання”
"Prastora.by — гэта кампанія, якая актыўна пашырае сваю дзейнасць у розны накірунках: акрамя інтэрнэт-крамы ў нас ёсць уласнае літаратурнае выдавецтва, студыя гуказапісу "Гукапіс", а што тычыцца гэтага месца — адзін наш сябра, уласнік вось гэтай плошчы, прапанаваў нам на сяброўскіх умовах размясціць тут краму, а паколькі ў нас да таго часу назбіралася ўжо шмат сувенірнай ды іншай прадукцыі, мы вырашылі, што гэта добрая ідэя", — распавёў карэспандэнту Sputnik намеснік дырэктара кампаніі Prastora.by Міхась Башура.
У "Прасторы" за час існавання назбіралася ўжо досыць шмат таго, што было б цікава даць людзям — не проста замовіць праз інтэрнэт, а памаць рукамі, памерыць нешта, паглядзець, то бок неабходнасць ў стварэнні такой крамы натуральна была.
У планах кампаніі — пашырыць самастойны выраб сувенірнай прадукцыі, адзення і нават гарбаты, уводзіць свае ўласныя брэнды.
"Мы імкнемся быць заўважнымі і адметнымі, я думаю, што ўчорашняя і сёняшняя акцыі гэта паказваюць. Мы плануем і далей ладзіць тут падобныя мерапрыемствы. Думаю, што пасля Новага году мы мусім выйсці на нейкую рэгулярнасць, каб хаця б раз на тыдзень адбываліся імпрэзы, а то і часцей", — распавёў Башура.
Па словах кіраўнікоў Prastora.by, сваім суседзям па гандлёвым цэнты такімі шумнымі вечарынамі яны не перашкаджаюць, хутчэй наадварот.
"Мы з усімі суседзямі паразмаўлялі напярэдадні. Мы ж да іх таксама прыцягваем пакупнікоў. Бо прыйшоўшы, нехта паглядзіць, яму спадабаецца абутак у павільёне насупраць, ці нейкая вопратка, біжутэрыя, якая побач прадаецца. А рэкламуючы праз сацсеткі нашыя мерапрыемствы, мы людзям распавядаем пра тое, што такі ГЦ "Маскоўска-венскі" ўвогуле існуе", — смяецца суразмоўца Sputnik і прызнаецца, што і сам не ведаў да адкрыцця крамы пра яго існаванне.
23 снежня ў ГЦ "Маскоўска-венскі" адбылася яшчэ адна падзея — Prastora.by распачалі акцыю #мызваміNavi у падтрымку ўдзела гурта ў "Еўрабачанні".
"Гурт Navi нам знаёмы, мы дапамагалі ім выдаць дыск "Сонцам сагрэтыя", і тут атрымалася так, што іх трапленне ў адбор на "Еўрабачанне" супала з адкрыццём нашай крамы, і мы запусцілі акцыю ў сацсетках — #мызваміNavi. Калі сачыць за гэтым хэштэгам, можна будзе даведацца пра конкурсы, якія мы збіраемся ладзіць у межах акцыі. Да прыкладу, можна будзе зрабіць нейкі фотаздымак, размясціць яго пад гэтым хэштэгам, прыйсці ў краму і атрымаць зніжку ў 5%, будуць таксама зладжаны розныя розыгрышы", — патлумачыў намеснік дырэктара Prastora.by.
З нагоды адкрыцця крамы "Prastora.by" удзельнікі гурта выканалі свае лепшыя песні ў акустычным варыянце, потым раздалі аўтографы і сфатаграфаваліся з прыхільнікамі. 
Стужка навiн
0