Алена Васільева, Sputnik
Ёсць няшмат з'яваў, з якімі б беларусы падтрымлівалі настолькі ж сталыя адносіны, як з алкаголем. Sputnik паглыбіўся ў гісторыю і высветліў, што шчырасцю адносінаў паміж беларусам і алкаголем цікавіўся яшчэ Вацлаў Ластоўскі, які ў сваім часопісе "Крывіч" у 1917 годзе надрукаваў глыбокае даследванне гэтых моцных, цяжкіх, няпростых адносінаў — артыкул з лаканічнай назвай "Беларусь і водка". Спойлер: з даследвання выходзіць, што беларусы шмат разоў здраджвалі алкаголю.
"Прынята думаць што Беларусь з'яўляецца краем вельмі "п'яным". Рэдка можна натрапіць, напрыклад, на сцэнічны твор з народнага жыцця, дзе б не фігуравала п'янства. Нават лепшыя нашы пісьменнікі — драматургі як Янка Купала, Францішак Аляхновіч і тыя паддаліся гэтай агульнай апініі і часта выстаўляюць беларуса як горкага п'яніцу. Але гэта далёка не так, што мы і ўгледзім з цыфраў і параўнанняў прыведзеных далей", — піша ў сваім даследчым артыкуле спадар К. Душэўскі.
Даследчык гэтых няпрстых адносінаў падлічыў, што ў 1911 годзе Беларусь перагнала на спірт 2622 тыс. пудоў збожжа, каля 40 800 пудоў бульбы і больш 22 тыс. пудоў патакі. І ў той жа год Беларусь выгнала больш 17 мільёнаш вёдзер водкі, а гэта амаль на два мільёны вёдзер больш, чым у Польшчы. На душу насельніцтва прыходзілася каля 1,4 вядра водкі.
![Колькасць бровараў у беларускіх губернях Колькасць бровараў у беларускіх губернях - Sputnik Беларусь](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/101927/13/1019271318_0:0:781:293_600x0_80_0_0_b0104d7e642ac0e46482c315fa35d905.png)
"Але не ўся водка ішла на патрэбы і ўжытак нашага краю. Значнейшая яе частка ішла на продаж заграніцу і ў Расію і толькі часьць выпівалася і ўжывалася ў нас на месцы", — абараняе беларусаў даследчык.
Такім чынам, бачна, што гарады п'юць водку ў тры разы болей, чым вёскі. З гарадоў жа пілі найменш жыхары Ковеншчыны і Віцебшчыны, за імі — Меншчына, Магілёўшчына і Віленшчына, а вось у кірунку на ўсход і поўдзень сувяць насельніцтва са спіртам мацнее. У сярэднім жа, на аднаго беларуса тымі часамі прыходзілася адно вядро, то бок, дваццаць бутэлек водкі.
![Колькасць спірту (у вёдрах) на аднаго жыхара Колькасць спірту (у вёдрах) на аднаго жыхара - Sputnik Беларусь](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/101927/13/1019271376_0:0:765:285_600x0_80_0_0_923be3add41eae62debc965f8beb61f4.png)
Каб даследванне было паўнейшым, Душэўскі параўноўвае беларускія паказчыкі з суседскімі і высвятляе, што Беларусь і Літва стаялі на апошнім месцы па ўжыванні водкі сярод краінаў былой Расійскай імперыі. І толькі палякі пілі яшчэ меней за беларусаў. Расійскія гарады пілі ў паўтары разы болей за нашыя, а Латвійскія — у два разы болей.
"Сколькасць піцця па вёсках ідзе крыху ў другім парадку. Мала менш чым беларуская вёска пілі польская, эстонская і латышская. Вёскі ж ўсёй Эўрапейскай Расіі пілі ў паўтары разы больш, чем беларускія, а паасобныя губерні яшчэ болей", — піша Душэўскі і дадае — п'янства на Беларусі і ў Літве не з'яўлялася трагедыяй.
"Хто знаёмы з беларускай вёскай, той добра ведае, што там алкаголікі — зьявішча блізка небывалае, пьяніцы — зьявішча рэдкае. Пьюць найчасцей у святы… К чэсьці беларускае кабеты трэба сказаць, што яна не п'яніца. Калі п'юць, дык часцей мужчыны. У той жа час па Расіі кабеты пьюць з большага столькі ж, колькі і мужчыны".
![Лепшае мінскае шампанскае - 12 бутэлек Лепшае мінскае шампанскае - 12 бутэлек - Sputnik Беларусь](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/101904/40/1019044018_0:0:966:295_600x0_80_0_0_c16006d28cac5f972202e90633c5a2cd.png)
Між тым, дарэвалюцыйная Беларусь і ўвогуле аддавала перавагу не чыстаму спірту, а шляхецкаму шампанскаму, якое ў Мінску ды іншых губернскіх гарадах прадавалася напярэдадні навагодніх святаў літаральна яшчыкамі — продкі святкавалі з размахам. На такім продажы падняўся не адзін гандляр і яшчэ шэрак рэстаранаў, якія напярэдадні святаў заклікалі да сябе на вячэру і "бокалъ шампанского".