Падбярэзскі: у Мінску джаз трымаецца на энтузіязме

© SputnikМузычны крытык Дзмітрый Падбярэзскі
Музычны крытык Дзмітрый Падбярэзскі - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Пра сучасны стан беларускага джаза Sputnik распавёў музычны эксперт Дзмітрый Падбярэзскі і зрабіў параўнальны аналіз са становішчам джазавай музыкі ў суседніх краінах.

Юлія Хвошч, Sputnik.

Музычны крытык Дзмітрый Падбярэзскі распавёў Sputnik пра тое, што сучасны беларускі джаз перажывае не лепшыя часы. Нават у краінах бліжэйшага замежжа справы з музыкай гэтага кірунку ідуць куды лепшым чынам. Што ж датычыцца беларускіх межаў, то найгоршым чынам для джазу абставіны складаюцца менавіта ў сталіцы і адзінае, што пакуль дае надзею — гэта фестывалі кшталту салігорскага дзіцячага "Джаз-тайм".  

Сярод прычын такога не радаснага становішча эксперт называе амаль поўную адсутнасць на Беларусі джазавых фестываляў нацыянальнага і міжнароднага ўзроўняў, незацікаўленасць галіны адукацыі ў развіцці маладых талентаў і падтрымцы іх на міжнародным узроўні, чаго не назіраецца ў суседніх краінах.

Дзмітрый Падбярэзскі на Rock Profi-2015 - Sputnik Беларусь
Дзмітрый Падбярэзскі: нам ёсць што паказаць Еўропе

Бо на беларускай зямлі таленты насамрэч ёсць, проста ім трэба аказаць неабходную падтрымку.

На чым трымаецца джаз у Мінску

На думку суразмоўцы Sputnik, сітуацыя з джазавай музыкай зараз даволі складаная, а джаз трымаецца толькі на энтузіязме асобных людзей.

Падбярэзскі лічыць, што так адбываецца таму, што зараз на Беларусі амаль не ладзяцца джаз-фестывалі, музыка такога кірунку не падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні.

"Вось, дзякаваць богу, з'явіўся гэты фестываль джаз каля Ратушы. Там беларускія музыкі, канешне ж, выступаюць. Таму што там правільная палітыка арганізатараў гэтага фестывалю. Што гэта за джазавы фестываль у Беларусі, калі там не выступаюць беларускія музыкі? Парадокс", — разважае Падбярэзскі.

"Разумееце, развіццё мясцовага джаза не магчыма без уласных джазавых фестываляў. Вось калі мы возьмем той джаз-фестываль, які праводзіць нацыянальны Аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга — там удзельнічаюць толькі музыкі з аркестра Фінберга ды нехта з расіян".

"А потым усе будуць казаць: "а ў нас узровень такі…" А дзе ж не падымаць свой узровень як не ад кантакту з музыкамі з іншых краін? І таму, канешне, абавязкова павінен быць і нацыянальны фестываль джазавай музыкі. Абавязкова! Ёсць вялікая колькасць музыкаў, якія схільныя выконваць джаз і выконваюць яго час ад часу ў іншых гарадах", — адзначае эксперт.

Ён таксама адзначае, што ў развіцці джазавай музыкі не зацікаўлена і беларуская адукацыя, а ў Мінску джазавая музыка наогул трымаецца толькі на энтузіязме асобных людзей.  

"Я не магу казаць, што ў нас ёсць джазавая школа. Яе і не было. Былі асобныя энтузіясты, якія браліся выкладаць, як Валодзя Угольнік, але гэта асобныя людзі і нельга сказаць, што ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў ёсць кафедра джазавага мастацтва. Ёсць кафедра эстраднага мастацтва, куды джаз уваходзіць адной з частак. І адтуль выходзяць часам вельмі адораныя хлопцы, якія фанацеюць ад музыкі".

Аднак суразмоўца тут жа адзначае, што ў рэшце рэшт зарабляюць гэтыя музыкі потым на жыццё выкананнем іншай музыкі, граючы ў кавер-бэндах, але знаходзяць магчымасць ствараць калектывы і граць разам джаз у вольны час.

"Як правіла іх не шмат. У тым жа "Графіці" па серадах сустракаюцца маладыя джазавыя музыканты — і дзякаваць богу, што яны хоць раз на тыдзень маюць магчымасць пайграць тое, што падабаецца, і паджамаваць і за кошт гэтага ўсё яшчэ неяк трымаюцца ў мінскім джазе", — дадае Падбярэзскі.

Што адбываецца з джазам у суседніх краінах

Разважаючы пра стан джаза і музычную адукацыю ў Беларусі, суразмоўца Sputnik прыводзіць да прыкладу сітуацыю з джазам у краінах бліжэйшага замежжа — Літве і Расіі.

Падбярэзскі адразу адзначае, што сітуацыя ў Літве складаецца значна лепей хаця б з тае прычыны, што ў Літве джазу пачынаюць навучаць яшчэ ў дзіцячых музычных школах. Потым музычны каледж, потым кансерваторыя і асобны факультэт джазавага мастацтва ў Клайпедзе.

"Вось там людзі растуць і там штогод, калі я прыязджаю на чарговы фестываль у Бірштанас, я бачу музыкаў, якія граюць джаз ад самага малога ўзросту да выпускнікоў кансерваторыі".

"Больш за тое, там некалькі разоў выступалі вайсковыя аркестры пагранічнікаў. Яны выступалі там з джазавымі праграмамі, у нас хіба што толькі дзякуючы Колі Фядорынку, які служыць у аркестры штабу ўзброеных сіл Беларусі, гэты аркестр пару разоў паказваў джазавыя праграмы. Але гэта добра, я лічу, што гэта выдатна", — дадае Падбярэзскі.

Падчас размовы Падбярэзскі закрануў і сітуацыю ў расійскім джазе. Ён адзначыў, што і там джаз знаходзіцца куды ў больш прывабным стане, чым у Беларусі, у першую чаргу дзякуючы традыцыям.

"У 50-я гады ўжо актыўна, канешне, там ладзіліся джазавыя фестывалі, былі джазавыя кавярні і была студыя джазавай імправізацыі "Москворечье". Гэта ўжо традыцыі, якія сягаюць з сярэдзіны 50-х і бліжэй сюды", — распавядае Падбярэзскі.

Ён адзначае, што Піцер у параўнанні з Масквой заўжды быў больш сучасным у сэнсе джазавай музыкі, там было больш эксперыментаў, у той час як Масква заўсёды знаходзілася на хвалях мэйнстрыму. Яшчэ адным з цэнтраў расійскай джазавай культуры эксперт называе Растоў, дзе джаз пачалі выкладаць больш за 40 гадоў таму.

"Растоў — гэта школа класічнага джаза, мэйнстрыму, сучасны джаз там, па-мойму, ніхто не выконвае і дагэтуль. Вось выпускнікі растоўскай школы джазавай — яны не губляюцца ў свеце", — адзначае Падбярэзскі.

Салігорскі цуд

Як прыклад аднаго з самых самабытных і яскравых беларускіх фестываляў, які трэба абавязкова развіваць, Падбярэзскі прыводзіць фестываль дзіцячай эстраднай музыкі і джаза "Джаз-тайм", які ладзіцца ў Салігорску раз на два гады, і называе яго сапраўдным цудам.

У фестывалі прымаюць удзел навучэнцы дзіцячых школ і каледжаў ва ўзросце да 18 гадоў. Ён лічыцца міжнародным, але там у асноўным расіяне ўдзельнічаюць, спрабуюць даехаць і палякі, і літоўцы.

"Там такія цуды атрымліваюцца! Напрыклад, на адным фестывалі, апошнім ці перадапошнім, хлопчык выйшаў з домрай і пачаў пад акампанемент фартэп'яна граць Take Five — у мяне проста вочы на лоб палезлі. Ён не толькі тэму выканаў на домры(!!!), але потым і імправізацыю яшчэ нейкую зладзіў".

Падбярэзскі таксама ўзгадаў гісторыю, як на фестываль аднойчы прыехаў джазавы квінтэт ці сікстэт з вёскі са Смалявіцкага раёна і здзівіў усіх майстэрствам выканання. "Гэта з вёскі! Дзе магчымасцей значна менш".

Эксперт адзначыў, што дзякуючы гэтаму фестывалю адкрыўся выдатны біг-бэнд з Крупак, школы мастацтваў, "дзе дзеці па-сапраўднаму граюць джаз".

"Я ўжо не кажу пра гэты аркестр з самога Салігорска, які пастаянна ці то ў Расію ездзіць, ці то ў Швецыю. Яны гастралююць. Іх нармальна ўспрымаюць. То бок вось дайце толькі шанс музыкам паказаць", — перакананы Падбярэзскі.

Суразмоўца таксама адзначыў, што развіццё дзіцячых творчых калектываў у многім залежыць ад таго, якія педагогі. "Я пачаў ездзіць на фестываль у Салігорск з другога, па-мойму, фестывалю, і розніца другога і шостага фестываляў проста кідаецца ў вочы".

"Арганізацыя выдатная (у Салігорску), публікі досыць, апарат класны стаіць — варта толькі захацець і ўсё можна зрабіць, як кажуць", — падсумаваў Падбярэзскі. 

Стужка навiн
0