У традыцыйным беларускім календары святкаванне Калядаў пачынаецца 6 студзеня і працягваецца ажно да Вадохрышча, 18 студзеня. Але вось у Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці традыцыя гулянняў працягваецца яшчэ тры дні і заканчваецца толькі 21 студзеня абрадам "Цягнуць Каляду на дуба".
Абрад вёсцы Новіны адзначаюць здаўна — ніхто не ведае, калі яго пачалі святкаваць. Нават у часы савецкай забароны, святкавалі паасобна сямейным колам, але Каляду не цягнулі, і толькі ў 1998 годзе абрад поўнасцю быў адноўлены.
Са словаў Ніны Клімовіч, мясцовай жыхаркі, якая адрадзіла напоўніцу абрад, святкаване заўсёды шматлюднае і што вельмі важна, з удзелам мясцовай моладзі. "Нам не трэба нікога адмыслова запрашаць, дзеткам самім цікава паўдзельнічаць у абрадзе. Яны ведаюць усе патрэбныя песні і танцы, кожны мае строй", — сказала яна.