МІНСК, 24 сту — Sputnik. Факультэт плануе ўключыць абрад у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, паведаміла Sputnik прэс-служба БДУ.
Зараз абрад сустракаецца ў вёсцы Шунеўцы Глыбоцкага раёна. Раней ён быў характэрны для ўсёй этнічнай тэрыторыі Беларусі. Праводзіцца абрад з мэтай прадухілення якой-небудзь агульнай бяды, якая пагражае ўсёй вёсцы. Людзі з яго дапамогай змагаліся з эпідэміяй, пажарамі, неўраджаямі, градам, засухай, а ў 40-я гады мінулага стагоддзя і вайной.
"Навукоўцы да нядаўняга часу лічылі, што апошні раз абрад актыўна практыкавалі падчас Вялікай Айчыннай вайны, і на сённяшні дзень ён знік. Аднак высветлілася, што абрад захаваўся і актыўна практыкуецца ў Глыбоцкім раёне", — тлумачыць малады навуковец Дзяніс Філіпчык.
Галоўная сіла абраду заключалася ў аб'яднанні людзей. Вяскоўцы, якія жадалі перамагчы бяду, збіраліся ў самым вялікім доме, прыносілі з сабой усё неабходнае для ткацтва і пачыналі працу па вырабе намёткі — вялікага адрэзу тканіны. Галоўнае — вырабіць палатно за пэўны перыяд (дзень, ноч, суткі). На поўначы Віцебшчыны гэта палатно часцей называлася "намёткі".
Вырабленае сумесна за кароткі перыяд палатно абносілі вакол вёскі, пад ім праходзілі людзі, праганялі жывёлы і пасля гэтага яго прыносілі ў ахвяру вышэйшай сілам (праз спальванне, завязванне на дрэве), ці ў больш позні час — царквы або касцёла.
У цяперашні час праца па ўключэнні ў Дзяржаўны спіс двух нематэрыяльных элементаў нацыянальнай культуры знаходзіцца на стадыі навуковага даследавання. Збіраецца матэрыял для архіва і яго рэгістрацыі ў Акадэміі навук Беларусі.
Плануецца ў бліжэйшы час арганізацыя экспедыцыі ў рэгіён з мэтай вывучэння і фіксацыі абраду з удзелам спецыялістаў НАН Беларусі і Інстытута культуры Беларусі. Глыбоччына — унікальны рэгіён, дзе пад аховай дзяржавы сёння знаходзяцца чатыры элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Акрамя абраду "Варваркі" БДУ плануе ўнесці ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў яшчэ адзін нематэрыяльны элемент нацыянальнай культуры — бульбяную страву "Капыткі", якая таксама папулярна толькі ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці.