МІНСК, 27 сту — Sputnik. Мінскія гарадскія ўлады прынялі рашэнне ўсталяваць у цэнтры Мінска помнікі кампазітару Станіславу Манюшке і пісьменніку Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу.
"Помнікі гэтым двум вядомым дзеячам культуры плануецца ўсталяваць на тэрыторыі Верхняга горада", — паведаміў на прэс-канферэнцыі ў сераду ў Менску начальнік аддзела ўстаноў культуры і культурна-асветніцкай працы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Сяргей Мядзведзеў.
Паводле яго слоў, плануецца, што помнікі будуць устаноўлены ў бягучым годзе.
Ён таксама распавёў, што ў 2016 годзе, які аб'яўлены Годам культуры, запланавана рэканструкцыя з рэстаўрацыяй кінатэатра "Перамога". Таксама сёлета распачнуцца работы па рэканструкцыі з капітальным рамонтам кінатэатра "Масква".
Акрамя гэтага, у 2016 годзе пачнуцца праектныя работы па рэканструкцыі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.