МІНСК, 2 лют — Sputnik. На дадзены момант арганізатары звярнуліся з прапановамі ў "Мінск-Арэну", "Чыжоўка-Арэну" і "Барысаў-Арэну", паведаміла Sputnik дырэктар ПУП "Пламбір-ТБ", які займаецца арганізацыяй канцэрту, Марына Калеснікава.
"Я звярталася ў "Мінск-Арэну", "Чыжоўка-Арэну" і "Барысаў-Арэну", дзе раней не ладзіліся такога кшталту мерапрыемствы, з прапановамі аб правядзенні канцэрту. У "Барысаў-Арэне" мне паведамілі, што ўвесь май месяц ужо распісаны пад спартовыя спаборніцтвы. Дакладны адказ ад іншых пляцовак павінен паступіць на працягу двух тыдняў. Калі адказы будуць адмоўнымі, то мы будзем шукаць іншыя месцы для канцэрта", — распавяла Sputnik Калеснікава.
Яна таксама адзначыла, што інфармацыя пра тое, ці дазволіць Мінгарвыканкам правядзенне канцэрту, паступіць толькі пасля таго, як арганізатары прадаставяць у орган выканаўчай улады пакет дакументаў з пагадненнем аб арэндзе пляцоўкі, то бок калі стане дакладна вядома пра месца і час правядзення мерапрыемства.
"Разглядзець нашую заяву Мінгарвыканкам павінен на працягу сямі працоўных дзён — тады і стане дакладна вядома, ці пабачым мы выступленне Міхалка ў Мінску. Шанцы 50 на 50 — альбо дазволяць, альбо не", — дадала Калеснікава.
ПУП "Пламбір-ТБ", акрамя канцэртнай дзейнасці, займаецца арганізацыяй аўтобусных тураў на канцэрты гурта Brutto у іншыя краіны. Дырэктар прадпрыемства адзначыла, што ў сувязі са з'яўленнем навіны пра магчымае выступленне Міхалка ў Мінску, попыт на аўтобусныя туры на яго канцэрты ў іншыя краіны не знізіўся.
На мінулым тыдні лідар Brutto Сяргей Міхалок звярнуўся ў відэа да міністра культуры Рэспублікі Беларусь з просьбай дазволіць гурту Brutto выступіць у Беларусі, на радзіме, пляцоўкай магчымага канцэрту была абрана "Мінск-Арэна".