БРЭСТ, 12 лют — Sputnik, Арцём Кір'янаў. Знак "Месца для пацалункаў" з'явіўся напярэдадні Дня святога Валянціна ў цэнтры Брэста каля офіса аднаго са святочных агенцтваў. Дзяржаўтаінспекцыя абяцае праверыць законнасць яго ўстаноўкі, паведамляюць у ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Брэст стаў першым у Беларусі горадам, дзе з'явіўся знак "Месца для пацалункаў". Падобныя шыльды ўжо існуюць у гарадах Расіі, Украіны, Заходняй Еўропы і ЗША.
Як расказаў карэспандэнту Sputnik дырэктар агенцтва "Бюро святаў" Сяргей Вінакураў, з дапамогай таблічкі "Месца для пацалункаў", вырабленай у стылістыцы дарожных знакаў, кампанія прапануе берасцейцам праявіць свае пачуцці ў Дзень усіх закаханых.
"Месца пад знакам трапляе пад аб'ектыў кругласутачнай вэб-камеры, таму свой пацалунак можна будзе перадаць у любую кропку свету", — адзначыў Вінакураў.
У агенцтве спадзяюцца, што новы знак падорыць яшчэ больш рамантыкі атмасферы Брэста і нагадае "мінакам пра тых людзей, якіх яны хочуць пацалаваць".
У ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама паведамілі, што факт ўстаноўкі знака з інспекцыяй ўзгоднены не быў. Па словах начальніка аддзела агітацыі і прапаганды Наталлі Сахарчук, у бліжэйшы час спецыялісты правераць яго законнасць, паколькі любая ўстаноўка дарожнага знака, акрамя прыватнай тэрыторыі прадпрыемства, павінна ўзгадняцца з Дзяржаўтаінспекцыяй.
"Я разумею, што ідэя добрая і крэатыўная, але ёсць пэўныя правілы, закон і стандарты. Калі кожны будзе ўсталёўваць знак, які захоча, гэта будзе проста самавольства", — рэзюмавала Сахарчук.