МІНСК, 15 сак — Sputnik. 31 сакавіка ў сталіцы Эстоніі стартуе трохдзённы музычны фестываль Tallinn Music Week, беларусы гэтым разам выступяць і ў дадатковай праграме, якая будзе адбывацца ўдзень на 19 гарадскіх сцэнах, распавялі арганізатары фестывалю.
Галоўная канцэртная праграма мерапрыемства будзе адбывацца па вечарах на 30 клубных сцэнах гораду. Уваход на гарадскія сцэны ў адрозненні ад вячэрняй праграмы будзе вольным. Арганізатары абралі для гэтай часткі беларускі электронны праект Mustelide.
"Мэта гарадскіх сцэн — данесці святочны настрой да ўсяго горада. Напрыклад, вы ідзеце звыклым маршрутам па сваіх штодзённых справах, як раптам з-за кутана вуліцу выязджае трамвай з жывой музыкай", — распавядае Раймонд Пылдмаа, мэнэджэр праграмы гарадскіх сцэн фестывалю Tallinn Music Week.
Беларускі праект Mustelide выступіць і ў межах вячэрняй праграмы фестывалю. Таксама ў Талін ад Беларусі ў гэтым годзе едуць маладыя рокеры Teleport, фолк-электроншчыкі Pawa і бітмэйкер Awlnight. Партнёр фестываля ў Беларусі — сайт Experty.by.
Шоўкейс-фестываль Tallinn Music Week штогод збірае таленты з Еўропы і іншых краін свету. У гэтым годзе ў асноўнай праграме на ім выступяць 237 артыстаў з 33 краін. Акрамя музычнай праграмы для наведвальнікаў Tallinn Music Week прадугледжана арт-праграма, дызайн-маркет, праграма кафэ і рэстаранаў, а таксама Tallinn Craft Beer Weekend. Да 20 сакавіка агульны квіток на ўсе дні і ўсе канцэрты фестывалю каштуе 50 еўра. Дадатковая інфармацыя пра фэст і расклад выступаў на афіцыйным сайце www.tmw.ee.