МІНСК, 26 кра — Sputnik. Ліквідатары, прадстаўнікі ўлады і грамадскіх аб'яднанняў па традыцыі сабраліся раніцай 26 красавіка каля Храма-помніка ў гонар Іконы Божай Маці "Спагнанне загінулых" каб ушанаваць памяць ахвяраў чарнобыльскай трагедыі.
Храм быў узведзены ў 1998 годзе пры актыўным удзеле Асацыяцыі работнікаў праваахоўных органаў "Шчыт Чарнобыля" старшыня якой, Аляксандр Кузьменка, у 1986-м быў начальнікам Гомельскага ДАІ.
"Памятаю, ужо 27-га (красавiка — Sputnik) былі на рэактары. Стаяла страшная спякота, у роце — сухасць і кроў з носа. У тыя дні мы яшчэ не ведалі, што гэта такое, не было, чым вымяраць. Але нават калі даведаліся, не было ні крыўды, ні злосці. Мы сталі адным шчытом — усе нашыя супрацоўнікі ад радавога да генерала былі ў страі", — распавёў Sputnik Кузьменка.
У ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС прынялі ўдзел больш за 11 тысяч супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і ваеннаслужачых унутраных войскаў, якія дапамагалі з эвакуацыяй мясцовага насельніцтва, праводзілі дэзактывацыю і змагаліся з марадзёрамі.
"Усё рабілі, але галоўная задача была — не дапусціць старонніх у зону адчужэння. Гэта 127 кіламетраў у дыяметры, вялікая колькасць вёсак. І кожны вынас рэчаў адтуль — гэта смерць для таго, хто іх выносіць, або страшныя хваробы", — падзяліўся ўспамінамі ліквідатар, палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Аляксандр Шарэнда.
Ён кажа, што да 1986 года наогул не хварэў, а зараз змагаецца ўжо з другой анкалогіяй.
"Аднойчы ўжо выразалі. Зараз другі раз гоняць выразаць. Да 1986 года не ведаў, што такое хваробы, ну малатком часам стукнеш па пальцу, а пасля гэтага, па сутнасці, пазбавіўся імуннай сістэмы, і цяпер у мяне 12 розных дыягназаў", — адзначыў Шарэнда.
Памінальную службу ў храме правёў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, удзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да помніка. Пры гэтым афіцыйных прамоваў не было.
"Аварыя на ЧАЭС павінна быць напамінам нам усім, што да ўсялякай справы трэба ставіцца вельмі адказна і сур'ёзна. А яшчэ, і гэта самае галоўнае, хачу ў гэты дзень пажадаць нашым ліквідатарам, якія яшчэ жывуць, працуюць, каб ім бог паслаў здароўя", — сказаў у размове з журналістамі ліквідатар Кузьменка.
Сёння ж у памяць пра герояў і ахвярах Чарнобыля ў Храме-помніку ў гонар Усіх Святых была адкрыта мемарыяльная дошка.
Аб неабходнасці памятаць пра катастрофу на ЧАЭС казала віцэ-прэм'ер Наталля Качанава пасля адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў памяць пра герояў і ахвяраў Чарнобыля.
"Гэтая памятаць важна, каб прадухіліць паўтарэнне трагедыі ў будучыні", — падкрэсліла віцэ-прэм'ер і нагадала, што дзяржава робіць усё неабходнае для падтрымкі пацярпелага насельніцтва.