МІНСК, 11 мая — Sputnik. Сацыяльны адукацыйны праект "Чытаем па-беларуску з velcom" у красавіку і маі прайшоў у 26 школах Гомельскай вобласці. У ім прынялі ўдзел больш за 2500 вучняў другіх і трэціх класаў з Гомеля, Рэчыцы, Жлобіна, Мазыра, Светлагорска, Брагіна і вёскі Малейкі Брагінскага раёна. У Мазыры і Жлобіне настаўнікамі праекта разам з беларускімі пісьменнікамі выступілі прадстаўнікі беларускага спорту — футбольнага клуба "Славія" і хакейнай каманды "Металург".
Вядомыя беларускія пісьменнікі, паэты і тэлевядучыя Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова і Юры Жыгамонт у займальнай форме распавялі малодшым школьнікам пра беларускую мову, літаратуру і культуру. У Мазыры да заняткаў далучыліся віцэ-капітан ФК "Славія" Алег Страхановіч і адзін з трэнераў клуба Міхась Лакамы, а ў Жлобіне праект падтрымаў прэс-сакратар хакейнага клуба "Металург" Іван Грунтоў.
Усё пачалося з таго, што ў Мінску праект падтрымаў баскетбольны клуб "Цмокі-Мінск". Для дзяцей вельмі важныя сустрэчы з камандамі, якія прадстаўляюць іх родныя гарады і неабыякавыя да роднай мовы і літаратуры".
Працяг адукацыйнага праекта плануецца напачатку новага навучальнага года і пачнецца са школ Брэста і Брэсцкай вобласці. У агульнай колькасці 150 школ і больш за 15 000 вучняў па ўсёй Беларусі прымуць удзел у сацыяльнай адукацыйнай ініцыятыве.
Галоўная задача сацыяльнага адукацыйнага праекта — падтрымаць і развіць цікавасць да беларускай мовы і літаратуры ў малодшых школьнікаў. Ініцыятарам праекта выступіла кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.