Трэба паспець пакаштаваць і назапасіць снітку

© Photo : з асабістага архіва Ларысы МятлеўскайЭтнограф Ларыса Мятлеўская
Этнограф Ларыса Мятлеўская - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Снітку дадаюць сырой у салаты, ёй начыняюць піражкі, гатуюць шыкоўны зялёны боршч у кампаніі з крапівой, соляць на зіму. А вітамінаў у снітцы колькі! І супрацьпаказанняў зусім няма.
Ларыса Мятлеўская, Sputnik
Снітка — проста ўпартае злоснае пустазелле, якое, калі яго не чапаць, імгненна засцілае вялікія кавалкі зямлі! І ужо калі паселіцца на кветніку, нічым яго не выведзеш!
Але мала хто сёння ведае, якая ж снітка смачная! Нездарма даўней гэту траву называлі "снедзь", што значыць ежа. І што толькі з яе не робяць: дадаюць сырой у салаты, тушанай у сумесі са шчаўем начыняюць піражкі, гатуюць шыкоўны зялёны боршч у кампаніі з крапівой, соляць на зіму. А вітамінаў у снітцы колькі, і супрацьпаказанняў зусім няма!
Трэба паспець нарыхтаваць і пакаштаваць снітку, пакуль лісцікі яшчэ не разгарнуліся або зусім маладзенькія.
Не так даўно ў мяне была цудоўная сустрэча з беларусамі, якія жывуць у Даўгаўпілсе. Гаворка ішла пра беларускую кухню.
Вось вам вершык і рэцэпты страў са сніткі ад народнай лекаркі цёткі Насты, беларускі, якая жыве ў латышскім горадзе: "Сныть — и яство, и лекарство средь растительного царства!"
Салата са сніткі і шчаўя з гароднінай
80г сніткі, 20г шчаўя, 50 г бульбы, 10 г морквы, 5 г алею або смятаны, соль па смаку. Зварыць гародніну, нарэзаць кубікамі, перамяшаць з пакрышанымі сніткай і шчаўем, пасаліць, заправіць алеем або смятанай.
Салата са сніткі
150 г сніткі, 25 г хрэна, 20 г смятаны, соль па смаку.
Маладое лісце сніткі памыць і варыць на працягу 10 хв. Ваду адцадзіць, а лісце адціснуць і дробна пакрышыць, дадаць нацёрты загадзя хрэн, перамяшаць, заправіць смятанай.
Снітка салёная
1 кг сніткі, 60 г солі. Скласці снітку ў слоікі, перасыпаючы соллю. Праз 12 гадзін патаўчы драўляным таўкачом, закаркаваць слоікі і паставіць у лядоўню. Дадаваць да першых і другіх страў.
Парашок са сніткі
Добра высушанае ў цені маладое лісце сцерці на муку і захоўваць у добра закаркаваных шкляных слоіках. Дадаваць у першыя стравы і соусы.
Смачна есці!
 
 
Стужка навiн
0