Пляшывец ці беларускі жэньшэнь: гатуем з таго, што пад нагамі

© Sputnik / Крысціна ПержуковаДзьмухаўцы
Дзьмухаўцы - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Як толькі не называюць гэтую расліну: малачай, пустадуй, пляшывец, кульбаба, зубны корань. А па праўдзе, гэта наш беларускі жэньшэнь.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Дзьмухаўцы заўжды радуюць вока. Яны як салодкі ўспамін пра дзяцінства, калі дазвалялася лётаць па дзьмухаўцовым полі і пэцкацца ў жоўтым пылку кветак. А яшчэ лепшай забавай ў гэты час было старанна плесці ў кампаніі сябровак вянок, каб, пакрасаваўшыся, адкінуць яго прэч, бо кветкі звялі. 
Ні мама, ні бабуля не гатавалі з дзьмухаўцоў салату, але кожны вечар мне давалі ў рукі кошык і адпраўлялі збіраць горкія лісцікі для парсючка, які хрумкаў іх з асалодай.
Як толькі не называюць гэту каштоўную ва ўсіх адносінах расліну: малачай, пустадуй, пляшывец, кульбаба, зубны корань. Часам жа кажуць, што гэта наш беларускі жэньшэнь. Яго гаючыя ўласцівасці здаўна былі добра вядомыя нашым бабкам-зяляркам. Адну такую бабку я добра ведала з маленства. Звалі яе па мужу Лявоніха, як гэта прынята ў беларускай вёсцы, і вельмі рэдка — цётка Надзя.
Была яна вельмі добрай і любіла лес, як само жыццё. Пра такіх кажуць, што яны разумеюць мову раслін. Так і было. Па траве яна магла вызначыць, дзе лепей капаць калодзеж, замовай спыняла кроў у параненых, навучала сваім ведам усіх жадаючых і пражыла больш за 90 гадоў.
У Лявоніхі заўжды было насушана дзьмухаўцовае карэнне, якое яна раіла піць як каву. Казала, што гэта вельмі добра для страўніка, печані, нырак, паляпшае кроў, спрыяе добраму апетыту.
 
 
Ды ці ўсё згадаеш з таго разумнага, што табе калісьці казалі дарослыя! Дарэчы, варыла яна і мёд з кветак дзьмухаўцоў. Толькі замест цукру выкарыстоўвала мёд, і цытрыны зусім не дадавала — іх папросту недзе тады было ўзяць.
Калі я стала свядома цікавіцца народнай медыцынай, то, прыехаўшы на вёску, заўсёды спяшалася завітаць да Лявоніхі і пагутарыць з ёй.
У якасці моцнага прафілактычнага сродку яна раіла мне ўжываць на працягу дня па 5 г сухога парашку з дзьмухаўцовага карэння перад ядой.
Вось парады старой Лявоніхі і крыху майго досведу:

Кава з дзьмухаўцоў

Карані выкопваюць ранняй вясной і ўвосені, калі перакопваюць агарод. Пасля добра мыюць, злёгку аскрабаюць і сушаць, пакуль яны не стануць крохкімі. Лявоніха іх таўкла ў ступцы, а ў мяне цяпер ёсць кавамолка. Але, перш чым малоць карані, я іх усё ж здрабняю ў ступцы. Пасля парашок пражу на патэльні, увесь час перамешваючы лыжкай, каб не прыставаў да дна. Астуджаю і ссыпаю ў шкляны слоік.
1ч лыжку парашку заліць 1 кілішкам вады, давесці да кіпення і 5 хвілін паварыць на маленькім агні, даць пастаяць 15-20 хвілін, працадзіць, уліць малака, дадаць цукар і закіпяціць яшчэ раз.
Паспытайце, гэта смачна!
Тое самае можна зварыць з парашку каранёў цыкорыі. Дарэчы, аўтарка "Літоўскай гаспадыні" Ганна Цюндзявіцкая ў раздзеле аб пражанні кавы раіла браць чацвёртую частку, а то і палову цыкорыі на самую лепшую каву.

Мёд з дзьмухаўцоў

 
 
Зялярка з Даўгаўпілса цётка Наста раіць варыць дзьмухаўцовы мёд па такім рэцэпце: 200 кветак, 1 кг цукру, 2 цытрыны, 1 л халоднай вады.
Кветкі зварыць на працягу адной гадзіны і адкінуць на дуршлаг. У сіроп дадаць цукар і давесці да кіпення. Паменьшыць агонь і варыць яшчэ гадзіну. За 15 хвiлiн да гатовасці выціснуць у сіроп сок цытрыны. Астудзіць і разліць па слоічках.
Варэнне лекавае, таму дужа не налягайце! Смакуюць па 1 ч. лыжцы тры разы на дзень. 
Стужка навiн
0