МІНСК, 23 мая — прэс-служба Sputnik. Інфармацыйнае агенцтва і радыё Sputnik Беларусь запусціла новыя праграмы ў радыёэфіры на рускай і беларускай мовах.
У зручным фармаце падкаст на інтэрнэт-партале Sputnik Беларусь будуць прадстаўлены інфармацыйна-аналітычныя і аўтарскія праграмы, якія закранаюць увесь спектр грамадска-палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і культурнага жыцця рэспублікі і краін замежжа.
Вядучымі радыёпраграм Sputnik Беларусь выступяць кіраўнік легендарных "Песняроў", вядомы кампазітар і паэт Вячаслаў Шарапаў і папулярны артыст і вядучы беларускага радыё Аляксандр Крывашэеў.
Сярод новых аўтарскіх праграм, якія былі запушчаныя на рэсурсе:
- інфармацыйная праграма "Ранішні шолах" у фармаце абмеркавання найбольш рэзанансных для медыяпрасторы краіны і свету тэм;
- аналітычная праграма "Грані фармату" пра галоўныя палітычныя і эканамічныя падзеі Беларусі і краін блізкага і далёкага замежжа;
- дыялог з гасцямі ў студыі на сацыяльна значныя тэмы "Прыкметы жыцця";
- забаўляльная праграма выходнога дня "Спытай мяне, як?", падчас якой госці ў студыі — палітыкі, грамадскія дзеячы, майстры мастацтваў і вядомыя спартсмены — будуць распавядаць пра свой прафесійны досвед і дасягненні, а таксама дзяліцца кур'ёзнымі выпадкамі з жыцця.
"Радыё — адзін з самых распаўсюджаных і даступных спосабаў перадачы інфармацыі. Павялічваючы долю лакальнага кантэнту ў сваіх выпусках, радыё Sputnik Беларусь імкнецца да аператыўнага і ўзважанага прадастаўлення інфармацыі слухачам, у першую чаргу пра тое, што адбываецца ў Беларусі", — сказаў кіраўнік Sputnik Беларусь Андрэй Качура.
У бліжэйшы час кожны слухач радыё Sputnik Беларусь зможа ўзяць удзел у перадачах эфіру, задаўшы пытанне вядучым і гасцям студыі ў фармаце званка або каментара ў акаўнтах Sputnik Беларусь у сацыяльных сетках Facebook, Вконтакте, Twitter, SoundCloud.
Sputnik — навінавае агенцтва і радыё з мультымедыйнымі інфармацыйнымі хабамі ў дзесятках краін. Sputnik уключае ў сябе сайты больш чым на 30 мовах, аналагавае і лічбавае радыёвяшчанне, мабільныя прыкладанні і старонкі ў сацыяльных сетках. Навінавыя стужкі Sputnik кругласутачна выходзяць на англійскай, арабскай, іспанскай і кітайскай мовах.